Lexus прыняў нечаканае рашэнне адносна сваёй самай першай мадэлі
- 27.09.2025, 12:58
Флагман сыходзіць?
Флагманскі седан Lexus LS неўзабаве пакіне рынак. Новае пакаленне прадстаўніцкай мадэлі не плануецца, замест гэтага выпусцяць яе развітальную версію.
Lexus ужо рыхтуецца да спынення выпуску LS у 2026 годзе і нават падрыхтаваў развітальную версію мадэлі Heritage Edition. Пра гэта паведамляе сайт Carscoops.
Прычына адмовы ад Lexus LS зразумелая — нізкі попыт на мадэль. Напрыклад, у ЗША за першае паўгоддзе гэтага года прадалі ўсяго 691 аўто — на 42,3% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Вядома, седаны апошнім часам саступаюць па папулярнасці кросоверам, аднак у выпадку з Lexus LS сваю ролю адыграў вузкі мадэльны шэраг — гэтая мадэль мае значна менш версій і рухавікоў, чым Mercedes S-Class або BMW 7 Series.
Фінальны Lexus LS Heritage Edition выпусцяць абмежаванай серыяй у 250 аўто. Седан абсталяваны V6 твін-турба магутнасцю 416 к.с. і каштуе $99 280.
Усе Lexus LS Heritage Edition пафарбуюць у чорны колер, а іх салон аздобяць чырвона-чорнай скурай і замшай. Комплектацыю дапоўняць адмысловыя 20-цалевыя дыскі, панарамны дах, камеры кругавога агляду, падагрэў задніх сядзенняў і акустыка Mark Levinson з 24 дынамікамі.
Варта адзначыць, што менавіта з мадэлі LS пачыналася марка Lexus. Седан дэбютаваў у 1989 годзе і стаў першанцам прэміяльнага падраздзялення Toyota.
Усяго за 36 гадоў убачылі свет пяць пакаленняў Lexus LS. Цяперашняе пакаленне мадэлі выпускаецца з 2017 года.
Дарэчы, свой флагманскі седан зняла з вытворчасці і Subaru. Яго таксама выпускалі з 1989 года.