Андрэй Стрыжак, нягледзячы на скандал, застаецца ў BYSOL
- 24.09.2025, 12:26
Незалежная камісія заявіла пра 12 выпадкаў харасмэнту.
Камісія па ўнутраным разбіральніцтве, ініцыяваная фондам BYSOL, выявіла парушэнне этыкі з боку Андрэя Стрыжака. Ён адхілены дырэктарыятам ад кіраўнічых пасад, але застаецца ў фондзе. Па стане на 23 верасня каманду фонду пакінулі тры чалавекі.
24 верасня быў распаўсюджаны выніковы дакумент камісіі і рашэнне дырэктарыята фонду. Яго публікуе «Радыё Свабода».
«У ходзе сваёй працы камісія зафіксавала 12 выпадкаў двух катэгорый (некаторыя адносяцца адразу да дзвюх катэгорый). З іх: 7 — у катэгорыі «адпраўка паведамленняў непажаданага характару», з іх 5 — у дачыненні да атрымальніц дапамогі ад BYSOL (фактычна — былых палітзняволеных — заўв. рэд.); 7 — у катэгорыі выкарыстання службовага становішча, з іх 4 — у дачыненні да атрымальніц дапамогі ад BYSOL», — гаворыцца ў заяве.
Далей меркаванні камісіі, з аднаго боку, і дырэктарыята і супрацоўнікаў фонду — з другога — разышліся. Камісія выступіла за поўнае спыненне супрацоўніцтва са Стрыжаком:
Аднак заснавальнік фонду (паводле раней апублікаванай інфармацыі, сам Стрыжак), як паведамляецца ў выніковым дакуменце, не пагадзіўся з рэкамендацыямі камісіі, назваўшы іх «нясправядлівымі, празмернымі і непрапарцыйнымі». Ён ініцыяваў галасаванне каманды фонду, дзве траціны якой выказаліся за працяг працы са Стрыжаком.
Выніковая выснова дырэктарыята фонду — Стрыжака можна пакінуць у фондзе, а заснавальніцтва BYSOL перадаць яго дырэктару Віталіюсу Моцкусу:
«Уводзіцца часовы фармат супрацоўніцтва з А. Стрыжаком працягласцю на 6 месяцаў: з 19 верасня 2025 года па 19 сакавіка 2026 года.
Стрыжак адхіляецца ад любых кіраўнічых, прадстаўнічых і заснавальніцкіх функцый у BYSOL — як фармальна, у юрыдычным полі, так і нефармальна ўнутры арганізацыі.
Усе публічныя заявы і ўзаемадзеянне з прадуктамі фонду ажыццяўляюцца Стрыжаком як асобай, якая афіцыйна не прадстаўляе арганізацыю. Ніводная заява або ўзаемадзеянне названага чалавека ў публічнай прасторы не з’яўляецца афіцыйнай пазіцыяй фонду», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве. Паведамляецца, што па стане на 23 верасня каманду фонду пакінулі тры чалавекі.
Кіраўніка фонду BYSOL Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў рассылцы беларускім актывісткам і праваабароніцам фота сваіх геніталіяў.
23 ліпеня Андрэя Стрыжака часова адхілілі ад пасады кіраўніка фонду BYSOL. Фонд выступіў з заявай, у якой адзначыў, што 22 ліпеня пачаў унутранае расследаванне.