BE RU EN

«Нас вучаць украінцы, а не наадварот»

  • 23.09.2025, 15:43

Украіна з’яўляецца гарантам бяспекі для ўсходняга флангу ЕС і Альянсу.

Пытанне пра сяброўства Украіны ў НАТА не знятае з парадку дня, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Ён адзначыў, што Украіна ўжо ў пэўнай ступені з’яўляецца гарантам бяспекі для ўсходняга флангу ЕС і Альянсу. Тым часам у Еўрасаюзе загаварылі пра стварэнне «сцяны дронаў», якая абараніла б Еўропу ад далейшых расійскіх атак. Падрабязней — у матэрыяле FREEДОМ.

На практыцы ўжо можна гаварыць пра дэ-факта плыўную інтэграцыю Украіны ў НАТА, заявіў кіраўнік МЗС Літвы. У прыватнасці, дзякуючы набытаму ўкраінскаму досведу ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі, навыкам і тэхналогіям.

Будрыс адзначыў важнасць супрацоўніцтва з Украінай і ў пытанні ўмацавання супрацьпаветранай абароны. Асабліва пасля ўварвання расійскіх дронаў у паветраную прастору Польшчы, Румыніі і Літвы.

«Пагрозы вельмі выразныя, асабліва пасля таго, што адбылося ў Польшчы, Румыніі, раней і ў Літве, калі да нас заляталі расійскія дроны. Таму нам патрэбная эфектыўная і адэкватная супрацьпаветраная абарона для процідзеяння беспілотнікам і іншым пагрозам. І мы ведаем, дзе ўзяць усе веды — ва Украіне. Гэта інтэгруе нас не толькі на ўзроўні абароннай прамысловасці, але і палітычна, і на ўзроўні дзяржаўных палітык», — сказаў кіраўнік МЗС Літвы.

Тым часам 26 верасня, па ініцыятыве еўракамісара па пытаннях абароны і космасу Андруса Кубілюса, адбудзецца сустрэча Еўрапейскага Саюза па рэалізацыі праекта «Сцяна дронаў». Да ўдзелу запрасілі сем дзяржаў‑членаў ЕС — Эстонію, Латвію, Літву, Фінляндыю, Польшчу, Румынію, Балгарыю, а таксама Украіну. Не запрасілі прадстаўнікоў Славакіі і Венгрыі.

Раней прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла пра неабходнасць такой ініцыятывы для абароны ад пагроз з боку Расіі пасля інцыдэнтаў у Румыніі і Польшчы. У Еўрапейскай камісіі падкрэслілі, што абмеркаванне знаходзіцца на пачатковай стадыі.

«Гэта канкрэтнае працягненне заявы прэзідэнткі фон дэр Ляен у яе звароце “Аб становішчы Саюза” пра неабходнасць стварэння такой “сцяны беспілотнікаў”, бо нядаўнія атакі і ўварванні ўжо прадэманстравалі гэта ў Румыніі і Польшчы. Далей сумесна з дзяржавамі‑членамі і Украінай мы прымем рашэнне адносна магчымых наступных крокаў», — сказаў прадстаўнік Еўракамісіі па пытаннях тэхнічнага суверэнітэту і абароны Томас Ренье.

Прэм’ер Польшчы Дональд Туск заявіў, што ягоная краіна гатовая прыняць любое рашэнне, скіраванае на знішчэнне аб’ектаў, якія могуць уяўляць пагрозу.

- Напрыклад, расійскіх знішчальнікаў, калі яны парушаць нашы межы. Напрыклад, калі яны праляцяць над нашымі тэрытарыяльнымі водамі. Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці… усе саюзнікі будуць ставіцца да гэтага менавіта так, як і мы, — акцэнтаваў Туск.

Раней газета Financial Times паведаміла, што для стварэння «сцяны дронаў» Брусель заклікаў сталіцы дзяржаў‑членаў выкарыстоўваць сродкі ЕС і сумесна закупляць сістэмы, якія добра зарэкамендавалі сябе ва Украіне.

Украінскія тэхналагічныя кампаніі ўжо распрацавалі агульнанацыянальную сістэму акустычных датчыкаў, якія могуць ідэнтыфікаваць беспілотнікі па гукавым сігнале. Паколькі стандартныя радары не здольныя выяўляць «Шахеды», што ляцяць на нізкай вышыні.

«У супрацьпаветранай абароне нам яшчэ належыць шмат чаму навучыцца ў галіне беспілотнікаў, сістэм абароны ад беспілотнікаў, у тым ліку — якія тыпы ракет і дзе выкарыстоўваюцца. Таму я перакананы, што многія еўрапейскія дзяржавы, уключаючы Фінляндыю, будуць цесна супрацоўнічаць у сферы дронаў. Але з гэтага боку цяпер, як на маю думку, нас вучаць украінцы, а не наадварот», — заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб.

Украіна ўжо мае для партнёраў прапановы па экспарце марскіх дронаў, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

- Ёсць першыя прапановы партнёрам па экспарце сучаснай украінскай зброі. Гэта будзе кантраляваны экспарт нашай зброі, у тым ліку марскіх дронаў. Бяспека марскіх шляхоў — неад’емная складнік усеагульнай бяспекі, і яна залежыць ад многіх нацый. Украіна прапануе ўсім сваім партнёрам нашы распрацоўкі, якія дапамаглі нам самім у Чорным моры, — сказаў кіраўнік Украінскай дзяржавы.

Кіеў прадставіць стратэгію частковага экспарту ўзбраенняў на працягу двух тыдняў і разглядае ЗША, Еўропу і іншыя краіны як патэнцыйных пакупнікоў. Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што праграма дазволіць Украіне павялічыць вытворчасць і забяспечыць фінансаванне выпуску беспілотнікаў і для ўласнай абароны.

Апошнія навіны