«Усё вырашыцца ў бліжэйшыя месяцы»
- 23.09.2025, 17:45
Z-прапагандыст заклікаў расіян рыхтавацца да паразы.
Адзін з прыкметных ідэолагаў расійскага Z-лагера Максім Калашнікаў зрабіў рэзананснае прызнанне: ён дапускае хуткую ваенную і палітычную паразу Расіі. У сваім звароце ён адзначыў, што лёс вайны вырашыцца цягам некалькіх месяцаў, зыход складаецца не на карысць Масквы.
Пра гэта паведамляе «Дыялог» са спасылкай на словы прапагандыста РФ.
Калашнікаў у паніцы чакае новага маштабнага наступу расійскай арміі ва Украіне.
«Калі наша начальства вырашыцца на спробу вялікага наступу ў бліжэйшы месяц і яна акажацца няўдалай, гэта будзе азначаць паразу ў вайне», — напісаў Калашнікаў.
Паводле яго, сітуацыя стане асабліва крытычнай, калі Крэмль ізноў пойдзе шляхам «мясных штурмаў». У такім выпадку наступствы могуць аказацца разбуральнымі як для арміі, так і для ўнутранай стабільнасці РФ.
Ён падкрэсліў, што эканамічныя праблемы пагаршаюць сітуацыю.
«У нас ёсць пагроза не толькі спаду эканомікі, але і банкаўскага крызісу», — адзначыў Калашнікаў. Асобна ён узгадаў паліўны крызіс і калапс водазабеспячэння ў акупаваных раёнах Данбаса.
Z-прапагандыст таксама выказаў сумневы ў магчымасці прыцягнуць масавую дапамогу з боку Паўночнай Карэі.
«Ці можна разлічваць, што КНДР дашле 300 тысяч байцоў? Дазволю сабе засумнявацца», — заявіў ён.
Паводле яго, нават калі Пхеньян адважыцца накіраваць абмежаваны кантынгент, гаворка можа ісці толькі пра 10–20 тысяч вайскоўцаў, што не зменіць агульны баланс сіл. Калашнікаў параўнаў цяперашнія працэсы ў арміі РФ з сітуацыяй вясны–восені 1917 года, калі Расійская імперыя імкліва распадалася пад цяжарам ваенных паразаў і крызісаў.
«Усё вырашыцца на працягу некалькіх месяцаў. Гатуемся да барацьбы за жывучасць», — заключыў ён.