BE RU EN

«Маглі курыць, закідваць ногі на парты»

  • 23.09.2025, 9:37

Вучні пачалі буліць маладую настаўніцу, але яна не паддалася.

Міхаліна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Для яе гэта шосты навучальны год. І трэці, які яна працуе ў Першай беларускай анлайн-школе ва Украіне. Пра тое, як пачынала свой шлях у адукацыі, пра булінг, з якім сутыкаюцца супрацоўнікі школ, а таксама пра ўрокі ў класе і праз інтэрнэт яна распавяла «Зеркалу».

У мэтах бяспекі імя суразмоўніцы зменена.

Міхаліні 25 гадоў. Зараз дзяўчына жыве на Балканах, а нарадзілася яна ў невялікай беларускай вёсцы. Тут скончыла 11 класаў і вырашыла, што хоча вучыць дзяцей. На гэта паўплывала яе настаўніца роднай мовы і літаратуры. Яна адкрыла тады яшчэ вучаніцы «свет беларускасці».

Над тым, з якім прадметам яна хацела б знаёміць дзяцей, Міхаліна доўга не думала. Паступіла ў адзін з абласных педагагічных універсітэтаў. Няўзабаве пачала працаваць: гэта пачалося на чацвёртым курсе. Студэнтцы патрэбныя былі падпрацоўкі, ды і ў тым годзе яна атрымлівала дыплом, і варта было падумаць пра размеркаванне. І ў пачатку 2020-га беларуска стала настаўніцай.

— Школа знаходзілася ў такім раёне, дзе большасць бацькоў вялі, так бы мовіць, амаральны лад жыцця. Дастойных паводзінаў ад вучняў трэба было дамагчыся. Далі, як цяпер памятаю, восьмы клас (казалі, ён самы складанны), і пачалася мая настаўніцкая барацьба, — успамінае суразмоўніца. — Калі толькі ўвайшла ў клас, першае, што пачула: «Ну, 18 ёй ёсць». Адчула поўнае расчараванне. Да такога я была не гатовая. На той момант у мяне не было нават педагагічнай практыкі, яна пачыналася якраз перад дыпломнай. Я ведала свой прадмет, але не разумела, як працуе адукацыйная сістэма. Атрымлівалася, што я хачу паказаць веды, а дзеці проста пачынаюць здзекавацца.

Той урок вучні Міхаліні сарвалі. З кабінета яна выйшла з двума супрацьлеглымі пачуццямі: усё кінуць або пабарыцца. Дома паплакала і вырашыла даць сабе яшчэ некалькі тыдняў. Разумела: падлеткі хочуць сябе паказаць. На наступны ўрок з ёй пайшла завуч. Яна прадставіла маладую настаўніцу класе і сказала, што трэба яе паважаць. Для педагога гэта было важна, але не вельмі дапамагло. Школьнікі пачалі ўспрымаць яе больш сур'ёзна, але здаралася, што на занятках дзеці курылі, закідвалі ногі на парты, аднойчы надзелі ёй сметнае вядро на галаву.

— Я не вельмі любіла сядзець у настаўніцкай, усе гэтыя плёткі абмяркоўваць. Мне падабалася ўзяць усё, што трэба, і ісці ў кабінет, дзе павінен быць урок, — спыняецца на той сітуацыі настаўніца. — Прыйшла загадзя, увайшла ў клас, і ў мяне паляцела вядро. Думаю: што рабіць? Я не вельмі любіла скардзіцца, таму сама правяла з дзецьмі гутарку. Кажу: «Я, вядома, усё разумею, але перад вамі настаўніца, дзяўчына. Як вы, хлопцы, сябе паводзіце? Уявіце, што вашай маці, сястры такое зрабілі». Пачалі тлумачыць: «Гэта не вам…» Шчыра кажучы, якія б там адносіны паміж намі ні былі, яны ніколі не пераходзілі на ты. Заўсёды было вы. Гэта здзіўляла, але прабачэнняў я так і не пачула.

Скардзіцца калегам на дзяцей Міхаліна не любіла. Зрабіла гэта толькі тады, калі эмацыйна не вытрымала. Настаўнікі ў большасці ставіліся да яе з павагай і параілі звярнуцца да класнай кіраўніцы таго класа, а тая ў адказ заявіла, што маладая выкладчыца сама ва ўсім вінаватая. Накрывалі роспач і пачуццё адзіноты. Працаваць было няпроста, але часам дапамагалі абставіны. Напрыклад, падчас першай змены дзеці разумелі, што ў школе знаходзіцца адміністрацыя, таму паводзілі сябе больш стрымана.

— Ну, як стрымана… Сядзелі ў тэлефонах, — узгадвае суразмоўніца. — Большая частка за восем гадоў прывыкла спісваць.

Навучыць іх чамусьці, прызнаецца Міхаліна, было нялёгка. І ўсё ж з часам адносіны паміж класам і маладой настаўніцай пачалі змяняцца ў лепшы бок. Дапамагалі і практычнасць педагога (некаторыя троечнікі за чацвёрку былі гатовыя пасядзець ціха), і зацікаўленасць дзяцей нечаканым падыходам на ўроках.

— Я з імі была заўсёды шчырая: калі пыталіся «Вы за каго: за цяперашнюю ўладу ці новую?», — адказвала, як думала. За што потым хадзіла да дырэктара, — з усмешкай вяртаецца дзяўчына ў восень 2020-га. — А яшчэ я заўсёды ў жыцці размаўляла па-беларуску. Яны гэта бачылі, калі, напрыклад, мы ехалі кудысьці ў транспарце. І іх гэтая пазіцыя чапляла, бо яны ўсе былі прарасійскімі. На занятках распавядала цікавыя факты пра пісьменнікаў. Звяртала ўвагу на тое, чаму беларуская мова апынулася ў заняпадзе.

Міхаліна спрабавала дастукацца да сэрцаў дзяцей, аднак у нейкі момант прыняла, што не атрымліваецца, і вырашыла дапрацаваць да зімовых канікул і сысці. Але ў калектыве здарылася бяда: адна з філолагаў захварэла. Завуч папрасіла маладую калегу ўзяць яе вучняў. Там былі хлопчыкі і дзяўчынкі з пятага па восьмы клас.

— У маленькіх дзяцей іншыя паводзіны. Яны ўспрымаюць цябе як нейкага куміра. Я з імі шчырая — і яны шчырыя. Нашы ўрокі былі для іх нестандартнымі, таму што да гэтага беларускую мову ім выкладалі па-руску. Па-беларуску было «добры дзень», дата, класная работа, — апісвае сітуацыю настаўніца. — Малых прывучалі: ёсць правіла — давай, расказвай. А як ён можа яго расказаць, калі не ведае беларускай мовы? Я гэтага не патрабавала. Мы вучылі лексіку. Для мяне важна, калі дзіця скажа слова, пабудуе сказ. Я хацела навучыць іх размаўляць. Дзеці адчулі гэтую розніцу, і ім стала цікава. Адна дзяўчынка мне нават верш напісала.

Так маладая настаўніца засталася ў школе да канца вясны. А потым яшчэ на год.

«Тут мне прапанавалі выкладаць, як лічу патрэбным, абы было цікава»

На той момант хлопец (а цяпер ужо муж) Міхаліны быў айцішнікам. Калі пачалася вайна, ён сказаў: «Трэба з’язджаць». На аргумент, што ў яе яшчэ год размеркавання, сказаў: аплачу. Прыняць прапанову дзяўчыне было не вельмі проста, бо ні ў якой іншай прафесіі, акрамя педагагічнай, яна сябе не бачыла.

— З аднаго боку, думала: раптам у мяне нічога не атрымаецца ў іншай краіне. З другога — разумела: са мной чалавек, які дае шмат гарантый, — узгадвае тагачасныя развагі суразмоўніца. — У выніку вырашыла для сябе, што вярнуцца ў школу заўсёды паспею. Да таго ж, калі ў цябе ёсць выбар быць свабодным… Таму што ў школе ты працуеш як раб: у цябе няма свабоды слова, твае сацсеткі праглядаюць — завуч, дырэктар і калегі былі на мяне падпісаныя. Калі пачалася вайна і маўчаць стала немагчыма, я ўсё, што хацела сказаць, выкладвала ў сторыс Instagram і рабіла так, каб яны гэтага не бачылі. Дзеці зноў жа пыталіся: «А вы за каго?» І дзіўваліся, што я адкрыта падтрымліваю Украіну (большасць настаўнікаў былі з такой жа пазіцыяй, але гэтага не агучвалі). У многіх вучняў бацькі ездзілі на заробкі ў Расію, некаторым у сям’і казалі: «Калі б не рускія, мы б даўно з голаду памерлі».

Взвесіўшы ў той перыяд усе за і супраць, Міхаліна ўсё ж згадзілася на прапанову хлопца. За недапрацаваны год ёй налічылі 5000 долараў. Яна іх выплаціла і звольнілася. А далей здарылася дзіўнае, і лёс склаўся так, што яна неўзабаве зноў апынулася ў школе. Гэта была Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне.

— Я зносілася з хлопцам, які выкладае тут гісторыю. Звярнулася да яго па параду, і ён мяне сюды паклікаў. Сказаў: «У нас пайшла настаўніца беларускай мовы і літаратуры». Патлумачыў, што гэта ўстанова была заснаваная з мэтай захаваць прадметы беларускага вектара — нашу мову, культуру, гісторыю, каб дзеці мелі магчымасць вывучаць сваё, — вяртаецца да падзей 2022-га дзяўчына. — Адказала: «З вялікім задавальненнем».

У гэтай анлайн-школе вучацца беларускія дзеці, сем’і якіх жывуць у розных kraінах. Сярод іх Беларусь, Расія, Польшча, Літва, ёсць хлопцы і дзяўчаты з ААЭ, ЗША і нават Японіі. Выпускнікі атрымліваюць украінскі атэстат, таму прадметы Міхаліны ў іх ідуць як дадатковыя. Але па правілах установы іх наведванне абавязковае.

— Першае, што для мяне было нязвыкла, — у звычайнай адукацыйнай школе ў цябе ёсць праграма, і ты мусіш працаваць у яе межах. А тут мне прапанавалі выкладаць, як лічу патрэбным, абы было цікава. Я сама выбіраю, як будаваць урок па мове, якія творы чытаць, — распавядае настаўніца, якая цяпер працуе з 9–11 класамі. — Па мове заняткі ў першую чаргу зрабіла такімі, каб дзеці навучыліся размаўляць па-беларуску, бо, на жаль, некаторыя не ўмеюць. Мы не літаркі ўстаўляем і правілы завучваем, а размаўляем. У нас ёсць, напрыклад, тэма «Ветлівыя звароты беларускай мовы». І мы іх вывучаем. Сказы складаем, дыялогі. Маё галоўнае правіла на ўроках — не трэба трымаць язык за зубамі.

На беларускай літаратуры Міхаліна прапануе дзецям сучасных аўтараў — Альгерда Бахарэвіча, Валерыя Гапеева, Віктара Марціновіча, Сяргея Календу, Уладзіміра Арлова, Людмілу Рублеўскую.

— З класікі бяру толькі Караткевіча і Мележа «Людзі на балоце». На мой погляд, гэта найлепшы твор. Там такая сакавітая, жывя беларуская мова. У ім, дарэчы, так шмат сэксуальнага падтэксту. Дзеці спачатку гэтага саромеліся, кажу: давайце называць рэчы сваімі імёнамі. І яны пачалі свабодна разважаць. Мая задача — паказаць, што па-беларуску можна гаварыць пра ўсё, — працягвае суразмоўніца. — Чаму не ўключаю творы Купалы і Коласа? Вучні старэйшых класаў ведаюць гэтых аўтараў, але не разумеюць, пра што іхняя творчасць. Класікі паказваюць жыццё ў вёсцы, заняпад, беднасць, сум, барацьбу за лепшую долю. Вучні — гарадское пакаленне, і ім складана ўспрымаць той лад жыцця. Ім патрэбная літаратура нон-фікшн. Увогуле, калі б у звычайнай школе вывучалі не толькі класіку, але і нешта сучаснае, было б лепш. Бо новыя творы — яны яшчэ і пішуцца сучаснай беларускай мовай.

На ўрокі ў анлайн-фармаце Міхаліна перайшла без праблем. Калі ў звычайных класах у яе было каля 30 чалавек, то цяпер — пяць-шэсць. Кажа, заняткі атрымліваюцца як рэпетытарства, што спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу. А што да візуальнага кантакту, то падчас працы дзеці самі вырашаюць, хочуць яны ўключаць камеру ці не.

— Звычайна падлеткі гэтага не робяць. Не ведаю, ці то саромеюцца, ці то магчымасці яе набыць няма. Мне гэта не перашкаджае, я вывучыла іх па галасах. Галоўнае, каб яны былі ўключаныя ў працу, — адказвае суразмоўніца. — Адзіны мінус інтэрнэт-заняткаў у тым, што мы не ў адной аўдыторыі. А так я вельмі блізкая з вучнямі, мы кантактуем у Telegram. У канцы года люблю задаваць дзецям пытанне: «Чаму ты хадзіў на заняткі? Што даведаўся?» Памятаю, адна дзяўчынка адказала: «Таму што так трэба». Я патлумачыла, што ў іх ёсць выбар, і тое, займацца са мной ці не, павінна быць іхным жаданнем. За год яна ўсё гэта пераасэнсавала і цяпер, калі ўжо свабодна размаўляе па-беларуску, адказала: «Гэта дзякуючы вам».

А яшчэ, кажа Міхаліна, у іх школе праводзяць заняткі па прадметах беларускага кірунку для дзяцей, якія не вучацца ў іх пастаянна, але хочуць ведаць роднае.

— Такія ўрокі ў нас па суботах, — адзначае яна.

«У мяне няма дыктоўкаў і кантрольных»

З булінгам, які быў з боку дзяцей у афлайн-школе, у анлайн-працы Міхаліна не сутыкалася. Кажа, што з цяперашнімі вучнямі ёй трэба быць больш акуратнай: некаторыя з іх псіхалагічна траўмаваныя. Хтосьці перажыў ужо дзве эміграцыі. Усё гэта настаўніку трэба ўлічваць.

— Хтосьці вельмі закрыты, хтосьці гатовы адказваць на пытанні толькі пісьмова: не хоча гаварыць, — апісвае яна асаблівасці сваёй працы. — У той жа час нашы дзеці жывуць у розных краінах і дзеляцца досведам, як ім там. Гэта цікава.

Яшчэ адзін нестандартны момант анлайн-заняткаў — як сачыць, каб на дыктоўках і іншых кантрольных школьнікі не спісвалі.

— У мяне няма дыктоўкаў і кантрольных, — здзіўляе настаўніца. — Я даю творчыя заданні. Калі дзіця не выканала яго само, гэта відаць. У пачатку працы практыкавала завучванне вершаў на памяць. Хтосьці ўключаў камеру, калі расказваў, а камусьці было прасцей зняць сябе на відэа і даслаць. Цяпер менш такое выкарыстоўваю. Для мяне вынік маёй працы — не тое, як яны напішуць дыктоўку, а іх камунікацыя на беларускай мове.

Па словах Міхаліны, дзеці — людзі вельмі тэхналагічныя і лёгка ўводзяць штучны інтэлект у сваё жыццё. Карыстаюцца ім шмат, але каб праца цалкам была зробленая нейрасеткамі, у практыцы Міхаліны сустракалася толькі двойчы. Хітрасць настаўніца заўважыла адразу.

— Як зразумела? — усміхаецца. — Праз цесны кантакт з дзецьмі разумею, хто з іх як думае, хто на што здольны. Калі мяне нешта здзіўляла, пыталася: «Хто табе дапамог?» Вучні сумленна адказвалі: «Штучны інтэлект». Пасля заняткаў высвятлялі, якія ў іх былі цяжкасці. Разбіралі, і чалавек усё перарабляў. І там было такое захапленне, што ён здолеў сам. Што да ІІ, тлумачу: гэта добрая падказка, я нічога супраць не маю. Але, падкрэсліваю, вы павінны вучыцца думаць самі. Нейрасеткі могуць палягчаць працу, але не рабіць яе за вас. Напрыклад, не ведаеце, як пачаць пісаць, — можаце спытаць, сістэма падкажа.

Параўноўваючы свой досвед працы афлайн і анлайн, Міхаліна кажа:

— У Беларусі, калі прыходзіла са школы дадому, казала: «Пакладзіце мяне ў труну». У мяне было поўнае выгаранне, шмат стомы. У асноўным гэта здаралася ад таго, што ты шмат часу не вучыш дзяцей, а выхоўваеш. Робіш тое, што не павінна. А тут у мяне запал. Хочацца прыдумляць новае, паказваць, наколькі беларуская мова багатая: няма такіх пачуццяў, якіх яна не можа перадаць. Я шукаю новыя матэрыялы, каб дзецям было цікава, улічваючы іх узрост. І ведаю, што бясследна гэта не пройдзе.

Апошнія навіны