Швецыя гатовая збіваць расійскія самалёты, якія парушаць яе межы
- 23.09.2025, 8:05
Пра гэта заявіў міністр абароны краіны.
Швецыя гатовая прымяніць сілу ў выпадку неабходнасці і будзе збіваць расійскія знішчальнікі, якія парушаць паветраную прастору краіны.
Пра гэта заявіў міністр абароны краіны Пол Ёнсан, паведамляе Aftonbladet.
Кіраўнік Мінабароны адзначыў, што «ніводная краіна не мае права парушаць паветраную прастору Швецыі», таму краіна «мае права абараняць сваю паветраную прастору, у выпадку неабходнасці — з прымяненнем сілы».
«У так званай пастанове IKFN (пра дзеянні арміі пры парушэннях тэрыторыі Швецыі — рэд.) ўрад даў Узброеным сілам інструкцыі адносна таго, як трэба абыходзіцца з паветранымі суднамі-парушальнікамі. Гэта ўключае права, пры неабходнасці, ужыць зброю — з папярэджаннем або без яго», — адзначыў Ёнсан.
Паветраныя правакацыі Расіі
У верасні расійскія вайскоўцы адзначыліся шэрагам дэманстратыўных парушэнняў паветранай прасторы краін НАТА.
На пачатку верасня каля 20 дронаў РФ заляцелі на тэрыторыю Польшчы і былі збітыя сіламі СПА і авіяцыяй НАТА. Яны не мелі баявых частак.
19 верасня расійскія знішчальнікі МіГ-31, якія запускаюць аэрабалістычныя ракеты «Кінжал», на 12 хвілін ўварваліся ў паветраную прастору Эстоніі. Для перахопу войскі НАТА паднялі знішчальнікі F-35 Паветраных сіл Італіі.
Таксама нядаўна расійскія знішчальнікі праляцелі над польскай буравай платформай Petrobaltic у Балтыйскім моры.