Стала вядома, што насамрэч кіруе нашымі паўсядзённымі дзеяннямі
- 23.09.2025, 4:50
Пераважна працуе «аўтапілот».
Дзве трэці паўсядзённых учынкаў людзі робяць не абдумана, а па звычцы. Да такой высновы прыйшлі вучоныя з Універсітэта Сурэя, Універсітэта Паўднёвай Караліны і Цэнтральнаквінслендскага ўніверсітэта. Праца апублікавана ў часопісе Psychology & Health.
Звычкі — гэта дзеянні, якія запускаюцца аўтаматычна, калі чалавек трапляе ў знаёмыя абставіны. Так, ранішняя кава, праверка тэлефона пасля абуджэння або дарога дадому адной і той самай вуліцай часцей звязаныя не з усвядомленым выбарам, а з замацаванымі асацыяцыямі.
Даследчыкі прааналізавалі паводзіны 105 удзельнікаў з Вялікабрытаніі і Аўстраліі. На працягу тыдня яны атрымлівалі на тэлефон шэсць выпадковых апавяшчэнняў у дзень з просьбай апісаць, чым заняты ў дадзены момант і што стала «трыгерам» дзеяння — намер ці звычка. Высветлілася, што 65% дзеянняў пачыналіся менавіта з-за звычкі. Пры гэтым амаль палова (46%) звыклых дзеянняў супадала з намерамі людзей.
«Гэта сведчыць пра тое, што мы схільныя фарміраваць звычкі, якія дапамагаюць нам дасягаць мэтаў, і часцей разбураем тыя, што перашкаджаюць», — патлумачыў прафесар псіхалогіі Універсітэта Сурэя Бэнджамін Гарднер.
Паводле слоў вучоных, менавіта «добрыя» звычкі могуць стаць надзейным інструментам для ўмацавання здароўя і дасягнення мэтаў. Таму тым, хто хоча кінуць курыць або пачаць займацца спортам, недастаткова проста «мацней пастарацца». Важна змяняць асяроддзе і ствараць новыя асацыяцыі. Напрыклад, пазбягаць звыклых месцаў для курэння або рэгулярна займацца фізічнай актыўнасцю ў адзін і той самы час дня.
«Людзям падабаецца думаць, што яны прымаюць рашэнні рацыянальна, узважваючы кожны крок. Але насамрэч большая частка паўтаральных паводзінаў узнікае аўтаматычна», — адзначыла аўтарка даследавання, дацэнтка Універсітэта Паўднёвай Караліны Аманда Рэбар.