У Малдове затрымалі 74 падазраваных у расійскай змове
- 22.09.2025, 22:35
Іх рыхтавалі на тэрыторыі Сербіі.
Улады Малдовы заявілі, што ў панядзелак правялі 250 рэйдаў і затрымалі дзясяткі людзей у межах расследавання меркаванага плана Расіі па падбухторванні да масавых беспарадкаў і дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне напярэдадні найважнейшых парламенцкіх выбараў, паведамляе euronews.com.
Паводле паліцыі, падчас рэйдаў было затрымана больш за 100 чалавек у некалькіх населеных пунктах па ўсёй краіне.
«74 чалавекі былі затрыманыя на тэрмін да 72 гадзін», — сказаў Віктар Фуртуна, галоўны пракурор малдаўскага Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і асаблівымі справамі. Ён дадаў, што большасць падазраваных сістэматычна ездзілі ў Сербію, дзе праходзілі навучанне, і што іх узрост вагаецца ад 19 да 45 гадоў.
Паліцыя Малдовы заявіла, што змова, накіраваная на беспарадкі, была скаардынаваная з Расійскай Федэрацыі праз крымінальныя элементы.
У нядзелю малдаване прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб абраць новы заканадаўчы орган з 101 месцам, і многія разглядаюць гэтыя выбары як выбар паміж працягам шляху краіны да сяброўства ў Еўрапейскім саюзе і больш цеснымі сувязямі з Расіяй.