Маскву і вобласць атакуюць дроны
- 22.09.2025, 20:32
Неба над сталіцай РФ закрылі.
Жыхары Масквы і вобласці паведамілі пра гукі выбухаў. Жыхары Адзінцоўскага раёна Падмаскоўя, а таксама сталічных раёнаў Канькова, Кузьмінкі, Чартанава і цэнтра кажуць, што чулі не менш як 10 гукаў, падобных да выбухаў.
Пра гэта піша тэлеграм-канал «Астярожна.Навіны».
Папярэдне, у вобласці працуе СПА, якая збівае беспілотнікі. Неба над Масквой цалкам закрыта, у маскоўскіх аэрапортах увялі план «Ковер», адзначае Baza. У Шарамецьеве затрымліваюцца дзевяць рэйсаў, ва Унукаве — шэсць, у Дамадзедаве — тры.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў пра знішчэнне сямі БПЛА. Ён заяўляе, што, паводле папярэдняй інфармацыі, разбурэнняў і пацярпелых няма. Паводле дадзеных Flightradar, частка рэйсаў на Маскву развяртаецца.