Кітай прыехаў уціхамірваць Лукашэнку
- 22.09.2025, 19:12
Мяжа пад замком ужо 10 дзён.
У Мінск 20 верасня прыляцеў прадстаўнік Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратар Цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны Лі Сі. Раніцай 22 верасня ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ў яго запланаваная сустрэча з кіраўніком так званай Палаты прадстаўнікоў. І ўсё гэта на фоне таго, што на мінулым тыдні кіраўнік МЗС Кітая паабяцаў Польшчы правесці з Аляксандрам Лукашэнкам «адкрытую размову», каб разблакаваць беларуска-польскую мяжу, — піша planbmedia.io.
Мяжа пад замком ужо 10 дзён
Нагадаем, 12 верасня Польшча цалкам закрыла мяжу з Беларуссю. Спачатку было заяўлена, што гэта на час вучэнняў «Захад-2025», якія праходзілі да 16 верасня.
Але пасля вучэнняў Польшча прыняла даволі прадказальнае рашэнне не адкрываць мяжу. У Варшаве гэта патлумачылі клопатам пра сваіх грамадзян і заявілі, што рух будзе адноўлены тады, калі мяжа будзе цалкам бяспечнай і калі гэта пацвердзяць дадзеныя польскіх спецслужбаў.
Пазней кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Кітая Ван І адзначыў, што калі Кітай дапаможа спыніць беларускія правакацыі, мяжа будзе адкрытая. Польскія СМІ таксама пісалі, што Ван І даў зразумець Сікорскаму, што ўлады КНР «правядуць адкрытую размову з Лукашэнкам» на гэтую тэму.
«Не я вінаватая»
На сустрэчы з прадстаўніком Кітая той, каго прыехалі ўціхамірваць, паспрабаваў адразу ж перавесці стрэлкі на Польшчу.
«Вельмі шмат у СМІ апошнім часам, асабліва ў сувязі з вашым візітам у Беларусь, усялякіх інсінуацый наконт, у тым ліку, нашых адносін з Польшчай і закрыцця мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, недружны крок палякаў — палітычны, нейкі, напэўна, іміджавы, як лічаць палякі, супраць Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але ніяк не эканамічны. Паколькі такая імперыя, як Кітай, запроста справіцца з гэтай праблемай», — заявіў Лукашэнка.
Пасля гэтага ён узяў кітайскага прадстаўніка пад локаць і правёў у свой кабінет, каб там ужо паскардзіцца на палякаў або нават расіян — маўляў, дроны ў Польшчу ляцелі не беларускія, вучэнні скончыліся, у Мінску ўсе сядзяць цішэй за ваду і на двух крэслах.
«Сам-насам, калі вы не супраць, пасля нашай сустрэчы [хацеў бы] расказаць вам кое-што і падзяліцца нашымі дадзенымі на гэту тэму. Справа тут не ў Беларусі. Ну, а Польшча выконвае ролю нейкага каня-скакуна на карысць іншых дзяржаў» — заявіў Лукашэнка.
Ці прынесла спроба Кітая разблакаваць мяжу плён, стане зразумела бліжэй да канца гэтага тыдня-месяца. Хутчэй за ўсё, для грузаў мяжу адкрыюць. А вось хто павінен пераканаць Мінск паводзіць сябе на мяжы смірна, каб яна адкрылася і для простых беларусаў, пакуль незразумела.