У Беларусі хочуць увесці падатак на багацце
- 22.09.2025, 20:33
Каго з беларусаў гэта можа закрануць?
У Беларусі плануецца ўвесці дадатковую стаўку падатку для заможных грамадзян. У «савеце рэспублікі» гэта называюць «павышэннем справядлівасці падаткаабкладання».
Старшыня пастаяннай камісіі «савета рэспублікі«» па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч у інтэрв’ю тэлеканалу СТВ заявіў, што ў аснове эканамічнай палітыкі Беларусі, маўляў, ляжыць сацыяльная справядлівасць. Галоўныя прыярытэты — павышэнне якасці жыцця насельніцтва і яго абарона, што адлюстроўваецца ў дзяржаўных расходах, значная частка якіх накіраваная на падтрымку дабрабыту грамадства.
У сувязі з гэтым сярод мер, якія павінны быць рэалізаваныя ў бліжэйшай перспектыве, — падатковыя новаўвядзенні для тых, чые даходы значна вышэйшыя за сярэдні ўзровень па краіне. Ідзе гаворка пра ўвядзенне дадатковай стаўкі падатку на даходы для грамадзян з высокімі даходамі.
Акрамя таго, плануецца ўзмацненне падаткаабкладання ў дачыненні да ўладальнікаў нерухомасці, плошча кватэр або жылых дамоў, у якіх перавышае сярэднія паказчыкі. Таксама будзе ўраўноўвацца стаўка транспартнага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, паколькі многія з іх займаюцца аднолькавымі відамі дзейнасці, таму ўмовы падаткаабкладання, маўляў, павінны быць роўнымі для ўсіх.