Малдова абвясціла пра завяршэнне скрынінгу з ЕС
- 22.09.2025, 16:57
Кішынёў заяўляе пра гатоўнасць да наступнага этапу еўраінтэграцыі.
Малдова і Еўрапейскі саюз завяршылі працэдуру двухбаковага скрынінгу, гэта значыць аналізу заканадаўства на адпаведнасць патрабаванням уступу ў ЕС.
Пра гэта ў Facebook напісала віцэ-прэм’ер-міністр па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Малдовы Крысціна Герасімоў.
Паводле слоў Герасімоў, Малдова прайшла працэдуру скрынінгу за 15 месяцаў, на працягу якіх былі прааналізаваныя «больш за 100 тысяч старонак заканадаўчых дакументаў».
«Апошнім прааналізаваным раздзелам быў Раздзел 33 — „Фінансавыя і бюджэтныя палажэнні“. Ён азначае пераход ад рэформаў і тэхнічных працэсаў да прыняцця на сябе ролі паўнапраўнага члена ЕС», — дадала малдаўскі віцэ-прэм’ер.
Заўважым, што завяршэнне скрынінгу адбылося незадоўга да парламенцкіх выбараў у Малдове 28 верасня, якія дзеючая ўлада пазіцыянуе як галасаванне за еўрапейскую будучыню краіны.