BE RU EN

«Уся краіна, у каго ёсць грошы, купляе»

  • 22.09.2025, 15:08

Эксперт аб сітуацыі на рынку жылля ў Беларусі.

Рынак жылля ў Мінску ў жніўні паказаў максімальную актыўнасць з пачатку года: зарэгістравана амаль паўтары тысячы здзелак. Тым часам у сярэднім цэны працягваюць расці і ўжо наблізіліся да адзнакі ў 1800 долараў за квадратны метр. Асабліва даражэюць аднапакаёвыя кватэры, якія ўсё часцей становяцца інструментам для інвестыцый. Пра гэта расказаў эксперт рынку нерухомасці Мікалай Тукін у TikTok.

Якая сітуацыя з нерухомасцю ў сталіцы

Рынак жылля ў Мінску ў жніўні быў даволі актыўным. За месяц зарэгістравалі каля 1500 здзелак.

— Жнівеньскі мінскі рынак нерухомасці прэтэндуе на пакуль што лепшы па выніках 2025 года. Для параўнання: у ліпені было 1474 здзелкі, а ў жніўні мінулага года — 1862, — кажа Мікалай Тукін.

Сярод прададзеных кватэр на новабудоўлі прыпала 9%. Застаецца высокай доля дарагога жылля: 26% ад усяго, што набылі ў жніўні, каштавала больш за 100 тыс. долараў. Такое жыллё «купляюць, як гарачыя піражкі», — адзначыў аўтар роліка.

Жыллё працягвае даражэць

— Цэны ў Мінску проста пруць уверх, і такое адчуванне, што іх, напэўна, ужо нічым не спыніць. Нібыта ёсць нейкая задача да Новага года дайсці да 2000 [долараў].

Аналітык паведаміў, што сярэдняя цана квадратнага метра ў сталіцы павялічылася за мінулы месяц на 61 долар — да 1783 долары (5425,7 рубля па курсе Нацбанка на 22 верасня).

На другасным рынку ў сярэднім «метр» каштуе 1769 долараў (5383 рублі). Гэта на 55 долараў больш, чым месяц таму. Сярэдняя цана метра ў новабудоўлях — 1922 долары (5848 рублёў), гэта на 107 долараў больш, чым у ліпені.

— Рост кошту гатовых новабудоўляў у два разы апярэджвае павелічэнне «чыстай другаскі». Пра што гэта кажа? Пра тое, што забудоўшчыкі сваімі цэнамі правакаваюць пакупнікоў пераходзіць на гатовыя кватэры і дадаваць у цане менавіта гэтаму сегменту рынку. Ну, а тое, што даражэлі і гатовыя новабудоўлі, і «чыстая другаска», сведчыць пра тое, што ў сталіцы пакуль захоўваецца трэнд на рост.

У аднапакаёвых кватэрах квадратны метр у жніўні каштаваў 1948 долараў (5927 рублёў). Яшчэ адзін такі месяц — і аднапакаёўкі пераадолеюць парог у 2000, лічыць эксперт. У «двухпакаёвых» — 1711 долараў (5206 рублёў), у трох- і чатырохпакаёвых — 1569 і 1509 долараў адпаведна. Гэта 4774 і 4591 рубель адпаведна.

— Аднапакаёўкі — гэта інвест-інструмент. Уся краіна, у каго ёсць грошы, купляе сабе аднапакаёўку ў Мінску, каб здаваць, інвеставаць, захоўваць. Таму нават такія шалёныя цэны не палохаюць пакупнікоў, і доля гэтых кватэр расце. На сённяшні дзень у Мінску гэта 44% [ад усяго прададзенага жылля].

Банкі ідуць насустрач пакупнікам новабудоўляў і забудоўшчыкам

Аналітык звярнуў увагу, што «Белінвестбанк» знізіў стаўкі па крэдытах на новабудоўлі да 15,5%. Да яго падобным шляхам пайшоў «БелВЭБ», які панізіў кошт пазык да 17,9% гадавых.

Дзякуючы гэтаму пачаў фармавацца разрыў паміж крэдытамі на другаснае жыллё і новае.

— Менавіта за кошт крэдытаў у нас ужо які год трымаецца павышаная актыўнасць на рынку жылля. І ад палітыкі банкаў у многім будзе залежаць, якія ў будучыні будуць цэны на кватэры і наколькі актыўна іх будуць набываць.

Мікалай Тукін адзначыў, што пасля іпатэчнага буму 2024 года «ужо складана сцвярджаць, што ўсе, хто тады браў крэдыты, сёння ўпэўнены ў сваёй плацежаздольнасці».

— На гэтым фоне напрошваецца выснова, што дзеля падтрымкі будаўнічай сферы банкі, вядома, будуць вымушаныя ісці насустрач забудоўшчыкам і іх пакупнікам. А вось другаснаму рынку, відаць, давядзецца разлічваць на сябе, — разважае эксперт. — Браць іпатэку пад тыя ж 18,5%, якія мы бачым на другасным рынку ад «Беларусбанка», становіцца ўсё складаней, і калі мінчукі з гэтым пакуль спраўляюцца, то рэгіянальным пакупнікам ужо не паўсюль.

Апошнія навіны