Лукашэнка апраўдваецца перад прадстаўніком Кампартыі Кітая за закрытую Польшчай мяжу
- 22.09.2025, 12:32
Дыктатар заявіў, што «справа тут не ў Беларусі».
Аляксандр Лукашэнка назваў закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю недружалюбным палітычным крокам, накіраваным супраць Кітая. Пра гэта ён заявіў 22 верасня на сустрэчы з сябрам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая Лі Сі.
«Вельмі шмат у СМІ апошнім часам, асабліва ў сувязі з вашым візітам у Беларусь, рознага кшталту інсінуацый у тым ліку наконт нашых адносін з Польшчай і закрыцця мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, недружалюбны крок палякаў — палітычны, нейкі, мабыць, іміджавы, як лічаць палякі, супраць Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але ніяк не эканамічны. Паколькі такая імперыя, як Кітай, лёгка справіцца з гэтай праблемай. Але тэма гучыць», — сказаў Лукашэнка.
Ён патлумачыў Лі Сі, што «справа тут не ў Беларусі», і паабяцаў распавесці пэўныя падрабязнасці на гэты конт.
«Я хацеў бы з вамі вочы ў вочы, калі вы не супраць, пасля нашай сустрэчы нешта вам расказаць і падзяліцца нашымі данымі на гэтую тэму. Справа тут не ў Беларусі. Ну а Польшча адыгрывае ролю нейкага каня-скакуна на карысць іншых дзяржаў», — дадаў ён.