У Драгічыне пенсіянерка атруцілася грыбамі
- 22.09.2025, 9:31
Яна думала, што на ўчастку растуць «шампіньёны».
Жыхарка Драгічынскага раёна памерла з-за атручвання грыбамі, паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз (ДКСЭ).
75-гадовая жанчына тэрмінова паступіла ў бальніцу з прыкметамі атручвання. Выратаваць яе не ўдалося.
Падчас агляду па месцы жыхарства памерлай на яе прысядзібным участку знайшлі грыбы, падобныя да ядавітых паганак.
«Як патлумачыў муж пенсіянеркі, жанчына сказала, што знайшла на ўчастку шампіньёны, пасля чаго зрэзала некалькі грыбоў і прыгатавала сабе», — паведамілі ў ДКСЭ.
Эксперты высветлілі: смерць пенсіянеркі наступіла ад вострага атручвання ядам.
«Ужыванне ў ежу невядомых відаў грыбоў можа мець смяротныя наступствы. Пры выяўленні прыкмет атручвання, да прыезду медыкаў, неабходна прамыць страўнік вялікай колькасцю пітной вады і прыняць сарбенты», — нагадалі ў ДКСЭ.