Мадзі заклікаў індыйцаў да байкоту замежных тавараў
- 22.09.2025, 8:42
З-за пошлін Трампа.
Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Мадзі звярнуўся да грамадзян з заклікам адмовіцца ад прадукцыі замежнай вытворчасці і перайсці на тавары мясцовай вытворчасці. Гэтая заява прагучала на фоне пагаршэння гандлёвых адносін з ЗША.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Пасля таго як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп увёў 50-працэнтную пошліну на імпарт індыйскіх тавараў, Мадзі пачаў актыўна прасоўваць канцэпцыю «Swadeshi» — выкарыстанне прадукцыі, вырабленай у Індыі.
Яго прыхільнікі распачалі кампанію байкоту амерыканскіх брэндаў, уключаючы McDonald's, Pepsi і Apple, якія застаюцца надзвычай папулярнымі ў краіне.
«Шмат тавараў, якімі мы карыстаемся штодня, — замежнай вытворчасці, і мы нават не ведаем пра гэта... нам давядзецца ад іх адмовіцца», — сказаў Мадзі ў звароце да нацыі. «Мы павінны купляць тавары, вырабленыя ў Індыі», — дадаў ён, не называючы канкрэтных краін.
Індыя з насельніцтвам 1,4 млрд чалавек з'яўляецца найбуйнейшым рынкам для амерыканскіх тавараў, якія актыўна распаўсюджваюцца праз Amazon і лакальныя сеткі. За апошнія гады ўплыў амерыканскіх брэндаў узмацніўся нават у невялікіх гарадах.
Мадзі таксама звярнуўся да ўладальнікаў крам з просьбай засяродзіцца на продажы індыйскіх тавараў, падкрэсліўшы, што гэта паскорыць эканамічны рост краіны. У апошнія тыдні многія кампаніі ўзмацнілі прасоўванне лакальнай прадукцыі.
У бліжэйшы час міністр гандлю Індыі Піюш Гаял плануе візіт у Вашынгтон для перамоваў, якія павінны дапамагчы знізіць напружанасць у гандлёвых адносінах.