Памёр адзін з найлепшых варатароў у гісторыі НХЛ Берні Парэнт
- 22.09.2025, 1:09
Варатару дагэтуль належыць клубны рэкорд па матчах «на нуль».
Былы варатар і трэнер клуба НХЛ «Філадэльфія Флайерз», член Залы хакейнай славы Берні Парэнт памёр ва ўзросце 80 гадоў, паведамляе прэс-служба лігі.
У 1974 і 1975 гадах Парэнт прынёс «Філадэльфіі» два Кубкі Стэнлі (пасля таго клуб іх больш не заваёўваў), а самога канадца двойчы запар прызнавалі найлепшым варатаром сезона і найкаштоўнейшым гульцом плэй-офа.
Парэнту дагэтуль належыць клубны рэкорд па колькасці матчаў «на нуль» (50).
Фраза «Толькі Бог ратуе больш, чым Берні Парэнт» на надоўгія гады стала папулярным слоганам у Філадэльфіі, адзначае AP.
Кар’ера Парэнта абарвалася ў 1979-м, ва ўзросце 34 гадоў, пасля выпадковага траплення клюшкі ў вока. Аднак пазней ён вярнуўся ў клуб як трэнер і амбасадар.
«Філадэльфія» ў 1979-м вывела з абарачэння першы нумар Парэнта, у 1984-м ён стаў першым экс-гульцом клуба, уключаным у Залу хакейнай славы.
У 2017-м НХЛ уключыла Парэнта ў спіс ста найвялікшых гульцоў у гісторыі лігі — разам з 14 іншымі варатарамі.