Беларусы паскардзіліся на чэргі да педыятра
- 21.09.2025, 21:50
Чыноўнікі заявілі, што ў ажыятажы вінаватыя самі пацыенты.
Мінчанка паскардзілася, што ў паліклініцы не стае ўрачоў. У адным з чатаў сталічнай Лошыцы раскрытыкавалі педыятрычнае аддзяленне 37-й гарадской паліклінікі. У сітуацыі вырашыла разабрацца агенцтва «Мінск-Навіны».
Як паведамляе партал, абмеркаванне ініцыявала мінчанка, якая заявіла, што педыятраў не стае: 2–3 чалавекі абслугоўваюць усе 12 участкаў. Услед далучыліся і іншыя жыхары: паскардзіліся на недахоп талонаў і запіс на некалькі тыдняў наперад.
«Па стане на 19 верасня ў пазначаным аддзяленні працуюць шэсць участковых урачоў-педыятраў, адзін з якіх знаходзіцца ў адпачынку», — распавялі агенцтву ў камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
На дапамогу медыкам у прыёме непаўналетніх накіраваны выконваючы абавязкі намесніка галоўнага ўрача, а з панядзелка прыступяць і двое ўрачоў-інтэрнаў.
А ў паліклініцы заявілі, што ажыятаж у аддзяленні ствараюць… самі жыхары мікрараёна. Па іх словах, калі дзіця суправаджаюць абодва бацькі або бабуля з дзядулем, адразу ствараецца ўражанне вялікай чаргі.
Паводле сцверджання прадстаўнікоў установы, гэта асабліва заўважна па пятніцах, калі многія імкнуцца закрыць бальнічныя.