BE RU EN

Што адбываецца на мяжы

  • 19.09.2025, 20:17

Чарга з легкавых аўто ў Літву — на 30 гадзін.

Першы час пасля закрыцця польска-беларускай мяжы не было вялікіх чаргаў у Літву і Латвію. Цяпер чэргі з'явіліся ў Літву, але гэта можа быць звычайным ростам чэргаў перад выхаднымі.

У Латвію яшчэ можна «праскочыць» за гадзіну. Уязджаць на легкавушках з беларускімі нумарамі можна толькі ў Літву і толькі калі ўладальнік аўто мае літоўскі від на жыхарства або літоўскую візу, перадае «Белсат».

Беларуска-польская мяжа цалкам закрытая з 12 верасня. Польшча спыніла працу апошніх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025», але пасля вучэнняў мяжу не адкрыла: чакае, пакуль стане бяспечна, і спадзяецца, што Кітай паўплывае на Беларусь, хоць не выглядае, што Кітай панёс адчувальныя страты ад закрыцця гэтай мяжы.

Чаргі на беларуска-літоўскай мяжы спачатку былі невялікія. 19 верасня яны прыкметна выраслі. Гэта можа быць як звычайнае павелічэнне чэргаў перад выхаднымі, але невядома, ці змяншацца чаргі пасля выхадных.

Што ў афіцыйных крыніцах

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, чаргі вечарам 19 верасня такія:

«Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія). Чаргі легкавушак няма амаль тыдзень, аўтобусаў у чарзе ад 0 да 3, грузавікоў — ад 290 да 345.

«Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). У чарзе 160–230 легкавушак (чарга пачала расці ўвечары 17 верасня), 460–470 вялікагрузных аўто, чаргі аўтобусаў няма.

«Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). У чарзе 105–130 легкавушак (чаргі таксама пачалі расці ўвечары 17 верасня), 540–550 вялікагрузных аўто, чаргі аўтобусаў няма.

Паводле звестак літоўскіх памежнікаў, у Мядзінінкаі ў чарзе зарэгістраваныя 310 грузавікоў, у Шальчынінкаі — 392 грузавікі, а легкавушак і аўтобусаў у чарзе няма.

У латвійскіх памежнікаў лічыльнік не працуе. Падобна, што адключыўся лічыльнік і на грузавым партале Cargo.lv.

Памежны камітэт Беларусі, як звычайна, вінаваціць у чэргах суседзяў: сцвярджаюць, што літоўцы прынялі толькі 18% легкавушак і 50% грузавікоў ад нормы, а латвійцы прапусцілі толькі 48% грузавікоў.

Што пішуць у чатах

«Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія). З Латвіі ў Беларусь удзень стаяла невялікая чарга: 19 машын. Прайсці мяжу можна за гадзіну-паўтары. Адному карыстальніку ўдалося праехаць з Беларусі ў Латвію на легкавушцы за 50 хвілін на абодвух баках, другому не пашанцавала: праходзіў мяжу ў той жа бок дзве з паловай гадзіны. Пасажыр аўтобуса наракае, што пераход мяжы з Беларусі ў Латвію заняў аж сем з паловай гадзін. Чаргі аўтобусаў могуць вырасці: праз Латвію пачалі пускаць рэйсы ў Польшчу.

Паводле слоў аднаго кіроўцы легкавушкі, латвійскія памежнікі аглядаюць павярхоўна. Але пасажыр аўтобуса піша, што рэчы праганялі праз рэнтген, а моцныя спіртныя напоі вылівалі.

Ужо амаль год машыны на беларускіх нумарах не пускаюць у Латвію (за выключэннем спецыяльных аўто для людзей з абмежаванымі магчымасцямі), але з Латвіі ў Беларусь выпусцяць, калі ехаць з іншай краіны Еўрасаюза і загадзя падаць заяўку.

«Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). Бот аднаго з чатаў збірае паведамленні пра час чакання і на іх падставе робіць прагноз. Цяпер бот прагназуе: праход мяжы з Беларусі ў Літву зойме 23 гадзіны на легкавушцы, 2 гадзіны 18 хвілін аўтобусам; з Літвы ў Беларусь — 16:18 на легкавушцы і 3:11 аўтобусам. У іншым чате пішуць, што чарга легкавушак ёсць не толькі з беларускага боку, але і з літоўскага, дзе яна расцягнулася на 2 км, чакаць можна 20 гадзін. У трох розных карыстальнікаў праход мяжы на легкавушцы з Беларусі ў Літву заняў цэлых 30 гадзін. З літоўскага боку, як пішуць у чате, рэчы аглядаюць неспешна, прымушаюць даставаць з аўто ўсе сумкі. З беларускага боку, пішуць, «як заўсёды, татальны дагляд».

Адзін карыстальнік піша, што каля паловы машын у беларускай зоне чакання перад мяжой з Літвой — на беларускіх нумарах. Але пускаюць не ўсіх з беларускімі нумарамі. Паводле адных карыстальнікаў, пускаюць тады, калі ўладальнік машыны мае літоўскі від на жыхарства або літоўскую візу. Паводле іншых, на беларускіх нумарах пусцяць у Літву таксама тады, калі ёсць кантракт на працу ў Польшчы. Ім запярэчваюць: не, толькі літоўская віза або ВНЖ. Блытаніна можа быць звязаная з тым, што з Літвы можна выехаць на беларускіх нумарах незалежна ад таго, якой краіны віза або ВНЖ.

У чаце пра аўтобусы ў асноўным не скардзяцца на час пераходу мяжы — хіба што аднаму карыстальніку не пашанцавала праходзіць мяжу з Літвы ў Беларусь чатыры з паловай гадзіны. У гэтым чаце больш хвалююцца пра кошты на білеты і наяўнасць білетаў у продажы.

«Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). Згаданы бот дае прагноз: праход мяжы з Беларусі ў Літву зойме 18:28 на легкавушцы, 2:10 аўтобусам; з Літвы ў Беларусь — 14:17 на легкавушцы і 2:08 аўтобусам. У чаце пра гэты пераход скардзяцца, што на машыне даводзіцца чакаць пераходу мяжы з Беларусі ў Літву поўныя суткі, а памежнікі працуюць вельмі павольна. Чарга ёсць і з літоўскага боку — больш за кіламетр.

У гэтым чаце пацвярджаюць: на беларускіх нумарах не пусцяць у Літву з польскай візай або польскім ВНЖ — толькі з літоўскімі.

Апошнія навіны