У НАТА заяўляюць, што перахапілі расійскія самалёты, якія ўварваліся ў Эстонію
- 19.09.2025, 18:45
Міністэрства замежных спраў Эстоніі выклікала часовага паверанага Расіі.
Прэс-сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Элісан Харт заявіла, што НАТА адрэагаваў на парушэнне паветранай прасторы Эстоніі расійскімі знішчальнікамі у пятніцу.
Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта яна паведаміла ў X.
Спікер НАТА пацвердзіла, што раніцай у пятніцу «расійскія самалёты парушылі паветраную прастору Эстоніі».
— НАТА неадкладна адрэагаваў і перахапіў расійскія самалёты. Гэта яшчэ адзін прыклад безадказных паводзінаў Расіі і здольнасці НАТА рэагаваць на такія дзеянні, — дадала яна.
У пятніцу тры расійскія знішчальнікі МіГ-31 без дазволу ўвайшлі ў паветраную прастору Эстоніі над Фінскім залівам і заставаліся там у агульнай складанасці 12 хвілін.
Пасля гэтага Міністэрства замежных спраў Эстоніі выклікала часовага паверанага Расіі і выказала яму пратэст.
Галоўная дыпламатка ЕС Кая Каллас сказала, што парушэнне паветранай прасторы Эстоніі расійскімі ваеннымі самалётамі з'яўляецца «надзвычай небяспечнай правакацыяй».