У Генадзя Фядыніча ў турме моцна пагоршылася здароўе
- 19.09.2025, 16:34
У зняволенні ў яго развіўся дыябет.
Вызвалены 11 верасня і адразу выдвароны за мяжу палітвязень Генадзь Фядыніч, шматгадовы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, расказаў прафсаюзнаму сайту IndustriAll, як турма пагоршыла яго здароўе.
«Здароўе кепскае. Хвароб шмат. У турме ў мяне развіўся дыябет. Я планаваў аперацыю па грыжы на красавік 2022 года, але мяне арыштавалі раней. Добрыя людзі ў турме папярэдзілі: калі прапануюць аперацыю ў Мінску, гэта можа апынуцца апошняй аперацыяй. Казалі, што такіх, як я, могуць проста «спісаць», спаслаўшыся на «сардэчны прыступ». Я ўдзячны ім за шчырасць і дасведчанасць».
У турме Фядыніч, як і іншыя палітвязні, інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне і свеце, атрымліваў пераважна з дзяржаўнай прэсы. Паводле яго слоў, ён выпісваў газету «Мінская праўда», а чытаў яе «паміж радкоў».
Згадаў ён і суд над сабой, які прысудзіў яму 9 гадоў, хоць мог і да 12:
«У выніку нам далі дзевяць гадоў. Я спытаў у суддзі: чаму не дванаццаць, максімум? Яна сказала: «Вы ж пенсіянеры». Я адказаў: «Ну, ваша дабрыня не мае межаў».
А з турэмным начальствам ён нават адважыўся пажартаваць:
«Начальнік аператыўнага аддзела выклікаў мяне і спытаў, што я планую рабіць. Я сказаў: «Калі дасцё заданне, магу стварыць прафсаюзную арганізацыю». Ён спалохаўся і кажа: «Што?! Не, толькі не гэта». Я сказаў: «Жартую, таварыш падпалкоўнік».