Паілі аленя колай і цягалі за рогі: гісторыя ў мінскім заапарку атрымала працяг
- 19.09.2025, 15:28
Стала вядома, што вырашыў суд.
Суд Заводскага раёна Мінска 19 верасня прызначыў двум жыхарам Віцебскай вобласці адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе 10 сутак арышту за хуліганства ў Мінскім заапарку, паведамляе БелТА. Ідзе пра герояў рэзананснага відэа, якія здзекаваліся з аленя.
Абодва прызналі віну ў поўным аб’ёме, не адмаўляючы таго, што адбывалася. Яны прызналі, што дзеянні здзейснены з хуліганскіх пабуджэнняў. Прычыну сваіх паводзінаў патлумачылі тым, што ім было вясёла.
Як патлумачыў намеснік старшыні суда Заводскага раёна Мінска Дзмітрый Лукашэвіч, правапарушэнне здзейснена ў грамадскім месцы, у прысутнасці іншых грамадзян. Жыхары Віцебскай вобласці разумелі, што сваімі дзеяннямі парушаюць грамадскі парадак, правілы наведвання заапарку, і гэта выклікала абурэнне іншых наведвальнікаў заапарку.
Абодва мужчыны падвергнутыя спагнанню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на тэрмін 10 сутак кожны згодна з арт. 19.1 (Дробнае хуліганства) КаАП. Пастанова суда ў законную сілу не ўступіла і можа быць абскарджаная.
Тым часам у судовым пасяджэнні яны адзначылі, што пасля арышту гатовыя прынесці прабачэнні заапарку і загладзіць прычыненую шкоду, у тым ліку прынесці «дэлікатэсы» для пацярпелага жывёльнага.
Нагадаем, 16 верасня ў TikTok карыстальнік з нікам vladimirrachinski выклаў відэа з мінскага заапарку, дзе ён з прыяцелем спачатку паіць аленя кока-колай, а потым адзін з іх цягне жывёлу, што стаіць за рашоткай, за рогі. Паводзіны мужчын абурылі і наведвальнікаў заапарку, і карыстальнікаў сацсеткі.
На відэа адрэагавалі ў заапарку — кіраўніцтва звярнулася з заявай у міліцыю. Мужчын затрымалі.
Высветлілася, што жыхары Віцебшчыны 50 і 52 гадоў прыехалі адпачыць у сталіцу. Яны пайшлі ў заапарк, паглуміліся з жывёлы, выклалі відэа ў TikTok, а пасля атрымання негатыўных каментарыяў выдалілі яго. Але да таго часу ролік ужо распаўсюдзіўся ў сацсетках.
«Мужчыны прызналіся, што напярэдадні ўжывалі алкаголь і не задумваліся пра наступствы сваіх учынкаў», — паведамілі ў ГУВД.
Самі аўтары відэа на камеру папрасілі прабачэння.
«Мы з таварышам прыехалі ў мінскі заапарк, дзе зрабілі глупства — напаілі аленя кока-колай», — сказаў адзін мужчына.
«У сваім учынку каюся, абавязуюся так больш не рабіць і абавязуюся нейкім чынам кампенсаваць [гэта] Мінскаму заапарку», — сказаў другі ўдзельнік гісторыі.