Закрыццё мяжы з Польшчай будзе мець нечаканы эфект для рэжыму Лукашэнкі
- 19.09.2025, 22:40
Улады чакае «яблычная ганьба».
Закрыццё мяжы Польшчай будзе мець для Беларусі мноства негатыўных наступстваў. Не толькі глабальных, але і вельмі крыўдных. Пасля ганебнага дэфіцыту бульбы Лукашэнка ўжо пачаў загадзя рыхтавацца да такога ж ганебнага дэфіцыту яблыкаў. Бо пасля дзесяці гадоў напружанага імпартазамяшчэння ўласных яблыкаў у Беларусі ўсё адно не стае, піша planbmedia.io. «Ёсць лішні яблык — аддай. Падыходзь з дзяржаўных пазіцый, а не толькі з пазіцый вобласці».
Гэтымі словамі Лукашэнка ў пятніцу даў напуцце губерантару Гродзенскай вобласці Юрыю Караеву. Той паабяцаў, што яблыкамі абавязкова падзеліцца. Але спачатку — задаволіць патрэбы жыхароў Гродзенскай вобласці. То бок, калі самім хопіць.
Бо на ўсіх можа і не стаць. Нягледзячы на дзесяць з лішнім гадоў напружанага імпартазамяшчэння. Цалкам забяспечыць краіну айчыннымі яблыкамі Лукашэнка патрабаваў яшчэ ў 2014 годзе. Бо айчынныя яблыкі значна больш здаровыя і якасныя за імпартныя.
Легендарная беларуская якасць — велічыня невымерная. Але колькасць паддаецца падліку. І вось з ёй якраз нешта пайшло не так. Дзесяць гадоў мінула, а імпартазамяшчэннем яблыкаў беларускія ўлады займаюцца нібыта ўпершыню.
«Нам трэба, каб перасталі кланяцца імпартнаму яблыку. Каб быў свой яблык. Каб былі забяспечаныя. У нас вялікая патрэба ў яблыках. Але для гэтага патрэбныя сховішчы. Трэба сваё», — казаў Лукашэнка на спецыяльнай нарадзе ў 2024 годзе.
Імпартазамяшчалі настолькі паспяхова, што вясной гэтага года, у разгар дэфіцыту бульбы, ураду давялося адмяніць забарону на ўвоз у краіну садавіны і гародніны з ЕС. Якасныя беларускія яблыкі — занадта ўнікальны прадукт, каб імі можна было накарміць усіх.
І ўжо ў красавіку Беларусь стала галоўным імпарцёрам польскіх яблыкаў. За месяц у краіну ўвезлі амаль дзевяць тысяч тон. Усяго з пачатку года Беларусь імпартавала з Польшчы яблыкаў на 32 мільёны долараў.
Закрыццё польскай мяжы пагражае звесці гэты імпарт да амаль нулявых значэнняў. І тады Беларусь застанецца сам-насам са сваім імпартазамяшчэннем. Але без яблыкаў.