Еўракамісія зацвердзіла 19-ы пакет санкцый супраць Расіі
- 19.09.2025, 13:43
Пад ударам — нафта, «ценявы флот», банкі і крыптавалюты.
Еўрапейская камісія (ЕК) зацвердзіла прапановы для 19-га пакета санкцый супраць Расіі. Падрабязнасці яшчэ не раскрытыя, але ўжо вядома, што праект будзе накіраваны пераважна на абмежаванне гандлю расійскай нафтай, барацьбу з «ценявым флотам», а таксама на дзейнасць крэмлёўскіх банкаў і крыптавалют.
Пра гэта паведаміла The Guardian.
Каб новыя абмежаванні ўступілі ў сілу, спатрэбіцца згода ўсіх дзяржаў-членаў Еўрасаюза падчас галасавання Рады ЕС. Чакаецца, што канчатковае рашэнне будзе прынята ў кастрычніку.
ЕС падаўжыў дзеючыя санкцыі супраць Расіі
Паслы ЕС раней узгаднілі падаўжэнне санкцый супраць Расіі за ўварванне ва Украіну яшчэ на 6 месяцаў — у дачыненні да ўсіх асоб і арганізацый, супраць якіх ужо дзейнічаюць абмежаванні. Пра гэта 12 верасня паведаміла вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Кая Калас.
Акрамя таго, як паведаміў рэдактар «Радыё Свабода» па еўрапейскіх пытаннях Рыкард Ёзвяк, у санкцыйным спісе застануцца алігархі Міхаіл Фрыдман і Алішэр Усманаў, выключэння для якіх дамагаліся шэраг еўрапейскіх краін.