BE RU EN

Аэрапорт на італьянскім востраве назавуць у гонар легендарнага Джорджо Армані

  • 19.09.2025, 12:15

Дызайнер часта праводзіў там летні адпачынак.

У гонар італьянскага дызайнера Джорджо Армані назавуць аэрапорт на італьянскім востраве Пантэлерыя, дзе знакамітасць часта праводзіў летні адпачынак. Пра гэта піша The Independent.

Адзначаецца, што ў Армані на гэтым міжземнаморскім востраве, размешчаным паміж Сіцыліяй і Тунісам, быў маёнтак, дзе ён часам летам адпачываў з сям'ёй і сябрамі. Дом складаецца з сямі «даммусі» — традыцыйных вясковых будынкаў, збудаваных з белага лавовага каменю з купалападобным дахам, і акружаных больш як 150 пальмамі.

Італьянская група грамадзянскай авіяцыі ENAC падтрымала прапанову мясцовых уладаў аб змяненні назвы аэрапорта. Таксама ініцыятыву ўхваліў міністр транспарту Матэа Сальвіні.

Прэзідэнт ENAC П'ерлуіджы Дзі Пальма заявіў, што перайменаванне адпавядае планам кампаніі па паляпшэнні аэрапорта і развіцці турызму на востраве, куды можна дабрацца рэйсамі з Рыма або з сіцылійскіх аэрапортаў, уключаючы Палерма.

Выданне нагадала, што згодна з завяшчаннем Армані, апублікаваным італьянскай штодзённай газетай La Repubblica, 40% яго бізнесу перайдзе да даўняга супрацоўніка і кіраўніка аддзела мужчынскага адзення Лео Дэль’Орка. Пляменніца Сільвана Армані, кіраўніца аддзела жаночага адзення, і пляменнік Андрэа Камерана атрымаюць у спадчыну па 15%. Фонд Armani, заснаваны ў 2016 годзе як правапераемнік, будзе кантраляваць астатнія 30 працэнтаў.

Апошнія навіны