Загадана наскрэбці
- 19.09.2025, 10:05
Новы бюджэт Расіі можа стаць пасткай.
Да абнародавання новага бюджэту РФ застаюцца лічаныя дні. Аналітыкі чакаюць яго з большай цікавасцю, чым звычайна. Бо гэты бюджэт, калі і не раскрые, то хаця б прыадкрые намеры Уладзіміра Пуціна адносна згортвання вайны ў 2026 годзе.
Калі новы бюджэт, з улікам інфляцыі, будзе па выдатках прыблізна такім жа, як і сёлета, значыць, кіраўнік РФ хоць бы дапускае, што справа пойдзе, калі не да міру, то да перамір'я. А калі план па выдатках, як звычайна, значна вырасце, гэта будзе азначаць, што Пуцін зноў падымае стаўкі і працягвае марыць пра генеральную перамогу над Украінай і Захадам.
Каб зразумець, наколькі рэалістычны кожны з варыянтаў, разгледзім умовы, у якіх складаецца гэты фінансавы план.
Вайна забірае ўсё больш і больш
З 2022-га бюджэт ужо пяты па ліку ваенны і чацвёрты, які спецыяльна складаецца пад вайну. У 2022-м, у першы год вайны, фактычныя выдаткі бюджэту склалі 31,1 трлн рублёў, у тым ліку на «нацыянальную абарону» — 4,7 трлн. Цяпер, на чацвёртым годзе вайны, запланаваныя пакуль што федэральныя выдаткі складаюць 42,3 трлн, у тым ліку на «нацыянальную абарону» — 13,5 трлн рублёў.
Як бачым, амаль увесь прырост дзяржаўных выдаткаў пайшоў на вайну. Гэта па-першае. А па-другое, і агульныя, і «нацыянальна-абарончыя» выдаткі ў 2025-м яшчэ і акажуцца прыкметна вышэй за гадавы план, які ўжо павялічылі вясной і ў найбліжэйшы час павялічаць яшчэ раз.
За першыя 8 месяцаў 2025-га бюджэтныя выдаткі павялічыліся ў параўнанні з тым жа адрэзкам мінулага года на 21% — пры плановым гадавым росце толькі на 5%. У Расіі не справаздачаюцца пра памеры бягучых ваенных выдаткаў, але зразумела, што ўсе гэтыя дадатковыя траты, а яны ўжо вымяраюцца трыльёнамі рублёў, пайшлі менавіта на вайну.
Простае працягванне той жа палітыкі выдаткаў, якая цьвёрдай рукой і без усякіх адхіленняў праводзілася з пачатку вайны, азначае, што на 2026-ы ўлады заплануюць чарговы, і вельмі вялікі рост ваенных выдаткаў.
Цяпер адкажам на пытанне, ці ажыццяўляльна гэта тэхнічна. Для гэтага ацэнім ступень напружанасці расійскіх фінансаў.
Спосаб намацалі, а шчасця няма
Здавалася б, пуцінскія капітаны эканомікі не толькі спраўляюцца з сітуацыяй, але і здабываюць яскравыя прафесійныя перамогі. Галоўная з іх — перамога над інфляцыяй. Хуткасць росту цэн (паводле афіцыйнага рахунку) ужо 5 месяцаў трымаецца каля 4% SAAR (г.зн. у пераліку на гадавыя тэмпы з выключанай сезоннасцю). Цалкам можна падумаць, што расійскія фінансы, насуперак логіцы вайны, моцныя і стабільныя.
Але гэта ілюзія.
За знешнюю стабільнасць заплачана прыпыненнем росту эканомікі і падтрыманнем звышвысокай рэальнай працэнтнай стаўкі. Рэальную стаўку можна вылічыць як розніцу паміж намінальнай стаўкай (цяпер 17%) і цяперашнім узроўнем інфляцыі SAAR. У верасні 2025-га рэальная стаўка складае 12%.
Параўнаем з разлічанымі тым самым спосабам рэальнымі стаўкамі ў папярэднія ваенныя гады. У верасні 2022-га рэальная стаўка была роўная 4,1%, у верасні 2023-га яна была адмоўная -1,4%, а ў верасні 2024-га паднялася да 9,2%.
Памалу Набіуліна намацала спосаб збіць інфляцыю, але энтузіязму гэта не выклікае. Шырокая публіка не верыць ні ў тое, што інфляцыя цяпер сапраўды нізкая, ні ў тое, што яна будзе нізкай у будучыні.
У жніўні і верасні ўяўленні расійскіх грамадзян пра тэмпы росту цэн, насуперак дзяржаўнаму аптымізму, заставаліся даволі скептычнымі: велічыня назіранай расіянамі бягучай інфляцыі была ў чатыры разы вышэйшая за афіцыйную. Амаль не паляпшаліся і народныя інфляцыйныя чаканні на год наперад.
Устойлівы разрыў паміж дзяржаўнымі падлікамі і ацэнкамі публікі тлумачыцца двума прычынамі. Па-першае, тым, што людзі інтуітыўна разумеюць штучнасць і хісткасць афіцыйнай «перамогі над інфляцыяй». Па-другое, прыўпрыгожанасцю дзяржаўных лічбаў. Асабістая спажывецкая карзіна даражэе ў кожнага, можа, і павольней, чым год таму, але ўсё адно хутчэй, чым ён прывык.
Мнімое благалепства.
Прымяншэнне тэмпаў росту цэн дапамагае дзяржстатыстыцы перабольшваць агульны рост эканомікі РФ. За другі і трэці гады вайны, матэрыяльна найбольш спрыяльныя з усіх, рэальны прырост вытворчасці быў разы ў два сціплейшы за афіцыйныя 8,5%. Карыстаючыся той жа прыўпрыгожанай аптыкай, цяпер запэўніваюць, нібыта ў Расіі нават няма тэхнічнай рэцэсіі — проста, маўляў, тэмпы росту запаволіліся да 1,1% у гадавым вылічэнні.
Насамрэч спад відавочна ёсць, хай і не фатальны. Але яго прычына — спад у грамадзянскіх галінах. У ваенным сектары працягваецца рост, падганяемы бясперапынным павелічэннем бюджэтнага фінансавання.
Але сёлета гэты ўзлёт выдаткаў упершыню за вайну ніяк не атрымліваецца закрыць даходамі. Дэфіцыт бюджэту за студзень–жнівень 2025-га склаў 4,2 трлн рублёў. За той жа адрэзак часу ў папярэднія гады балансы складаліся куды больш спрыяльна: у 2022-м за першыя 8 месяцаў быў паказаны прафіцыт 0,3 трлн, у 2023-м — дэфіцыт 2,1 трлн, у 2024-м — дэфіцыт 0,1 трлн рублёў.
Гэты год не апраўдаў надзей уладаў на спрыяльныя для іх нафтацэны.
Але катастрофы няма. За 8 месяцаў 2025-га нафтагазавыя даходы склалі 6 трлн рублёў, а за тыя ж адрэзкі часу ў 2022–2024 гадах яны былі роўныя адпаведна 7,8 трлн, 4,8 трлн і 7,6 трлн рублёў.
Галоўная прычына дэфіцыту, што цяпер выйшаў з берагоў, — імклівы рост ваенных выдаткаў. Непаладкі з даходамі толькі на другім месцы, хаця па рэальным (але не намінальным) рахунку іх агульны ўзровень сапраўды ніжэйшы, чым летась.
Расійскія фінансы разбалансаваныя, і іх стабільнасць — мнімная. Значыць, для вырашэння назапашаных у іх праблем пуцінскія менеджары павінны знайсці дадатковыя сродкі.
Дзе шукаць?
У 2025-м на чвэрць павялічылі падатак на прыбытак. Калі б не гэты прадуманы крок, даходы цяпер нават у намінале былі б ніжэйшыя за леташнія.
Цяпер гавораць, што ў 2026-м падымуць ці то ПДВ, ці то яшчэ нешта. Але калі па маштабах гэта будзе не экспрапрыяцыя, а проста традыцыйны раўнд сцягвання паясоў, то гадавы выйгрыш (2–3 трлн рублёў) праблем не вырашыць.
Больш перспектыўны спосаб — пашукаць у кладоўках. У расійскіх дзяржаўных менеджараў ёсць дзве кладоўкі: рэшткі дзяржаўных сродкаў на рахунках у банкаўскай сістэме і золатавалютныя рэзервы.
Величыня рэшткаў дзяржсродкаў (г.зн. пераходных запасаў грошай для фінансавання будучых планавых выдаткаў) яшчэ нядаўна, паводле меркавання эксперта Дзмітрыя Некрасава, дасягала 6–7% ВУП. Але, паколькі гэтыя запасы цяпер актыўна трацяць, іх да сярэдзіны 2025-га стала значна менш — прыкладна 5% ВУП (10,9 трлн). Некрасаў лічыць, што рэшткі можна скараціць яшчэ на 1,5% ВУП і нават, можа быць, на 3% ВУП. То бок выйграць 3–6 трлн рублёў.
Што да золатавалютных рэзерваў, то падвышанай папулярнасцю ў публікі карыстаецца толькі адна з іх складовых частак — Фонд нацыянальнага дабрабыту. Але ліквідная (валютная) частка ФНБ, якая знаходзіцца пад кіраваннем Мінфіна, і астатняя маса валютных рэзерваў, якая знаходзіцца пад кіраваннем Цэнтрабанка, — гэта адно цэлае, сумарную велічыню якога нам і трэба ацаніць.
Намёк на згасанне ці загад на працяг?
Фармальна кошт золатавалютных рэзерваў РФ цяпер каля 700 млрд долараў. Адкінем прыкладна 300 млрд, якія замарожаныя на Захадзе, а таксама малаліквіднае золата, якое ацэньваецца ў 250 млрд. Засталыя 150 млрд долараў — у іх уваходзіць і ліквідная частка ФНБ — пры жаданні можна пусціць на затыканне бюджэтных дзір. Але дакладна не цалкам. Скажам, палову. Гэта прыкладна 6 трлн руб.
Складзем з узгаданымі рэшткамі дзяржсродкаў і меркаваным эфектам ад росту падаткаў — і атрымаем 10–15 трлн руб. Менавіта столькі пуцінскія менеджары могуць больш-менш дабрасумленна выдаткаваць на пакрыццё бюджэтнага дэфіцыту ў гэтым і наступным годзе.
Відаць, іх акурат і хопіць на затыканне ўсіх дзір.
Але пры адной умове — што выдаткі-2026 не будуць раздзьмутыя і застануцца ў рэальным вылічэнні прыкладна такімі ж, як і ў 2025-м. Упершыню за гады вайны расійскі рэжым не плануе, не павінен планаваць рэзкі рост выдаткаў на яе вядзенне. Зразумела, што гэта будзе выглядаць не толькі як наспелая фінансавая неабходнасць, але і як намёк на прадстоячае згасанне вайны.
А калі Пуцін загадае працягнуць рост ваенных выдаткаў? Дабрасумленных спосабаў выканаць такі загад, як ужо казалася, не засталося. Значыць, пусцяць у ход недабрасумленныя. Напрыклад, адкрытую эмісію і па-сапраўднаму буйное адабранне даходаў у шырокай публікі падатковымі або іншымі спосабамі.
Нішто не замінае ўявіць у гэтым выпадку нават і замену ўрадавай і (або) цэнтрабанкаўскай старой гвардыі на тых, хто больш за цяперашніх хоча ваяваць і менш, чым яны, стрыманы рамкамі прафесіяналізму.
***
Скажу, што вонкавых прыкмет хуткай чысткі цяпер няма. Наадварот. На заключным бюджэтным паседжанні з 14-ю бліжэйшымі вяльможамі Пуцін сяброўскі апавядаў, як днём раней, «уночы, доўга, гадзіны дзве, напэўна», абмяркоўваў «усе гэтыя пытанні» з прэм’ерам Мішусціным і з павагай прадпісваў «урахоўваць узважаную палітыку Цэнтральнага банка».
Не будзем выключаць, што гэтыя кампліменты, а таксама і неўзгадванне вождзем слоў «нацыянальная абарона», падводзяць да нейкага больш умеранага этапу ў планах рэжыму. Але можа быць, Пуцін, гаспадар свайго слова, проста маскіруецца, каб завчасна не спудзіць дзічыну.
У любым выпадку з праекта бюджэту мы даведаемся не толькі пра фінансы.
Сяргей Шэлін, The Moscow Times.