Трамп: Пуцін і Зяленскі ненавідзяць адзін аднаго, але мы знойдзем рашэнне
- 19.09.2025, 8:09
Прэзідэнт ЗША назваў адзін са спосабаў паўплываць на РФ.
Адносіны паміж кіраўніком Крэмля Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім жудасныя. Аднак рашэнне па завяршэнні вайны будзе знойдзена.
Аб гэтым заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, паведамляе Fox News.
Падчас размовы ён зноў сказаў, што вельмі расчараваны Пуціным і лічыў, што дзякуючы адносінам з ім вырашыць сітуацыю з вайной РФ супраць Украіны будзе прасцей за ўсё. Аднак аказалася наадварот.
«Аказалася, што гэта самае складанае. Адносіны паміж прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Зяленскім жудасныя. Я маю на ўвазе, што гэта (магчыма, завяршэнне вайны — рэд.) у значнай ступені залежыць ад адносін. Яны сапраўды не любяць адзін аднаго... Яны ненавідзяць адзін аднаго. Паглядзім, што будзе далей. Я думаю, мы знойдзем рашэнне», — сказаў Трамп.
Таксама ён выказаўся пра эканамічны ціск на РФ. Паводле слоў кіраўніка Белага дома, ён быў незадаволены ЕС і НАТА, калі ўбачыў, што яны купляюць нафту ў Расіі.
Трамп дадаў, што калі цэны на расійскую нафту знізяцца, тады ў Крэмля не будзе іншага выбару, як згадзіцца спыніць вайну.
«Ведаеце, я заняў жорсткую пазіцыю адносна Індыі... таму што яны купляюць нафту. І калі цэны на нафту ўпадуць, або калі Расія не будзе прадаваць нафту, тады ў мяне (Крэмля — рэд.) не будзе іншага выбару, акрамя як дамаўляцца», — заявіў прэзідэнт ЗША.
Вяртаючыся да ЕС і НАТА, Трамп зноў падкрэсліў, што купля расійскай нафты — гэта не найлепшае, што можа быць, і так нельга рабіць.
«Ведаеце, калі вы хочаце перамагчы, вы не павінны купляць нафту ў Расіі. Але мы паглядзім, як усё складзецца. Спадзяюся, усё будзе добра», — рэзюмаваў Трамп.