BE RU EN

У Мінску хлопца другі раз судзілі за ўхіленне ад службы ў войску

  • 19.09.2025, 5:12

Ён не ідзе служыць, бо хоча зарабляць грошы.

У Мінску агалосілі прысуд 22-гадоваму хлопцу, якога другі раз судзілі за ўхіленне ад службы ў войску. Чым скончыўся працэс, распавяло дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».

Абвінавачаны ў красавіку 2025 года паводле павесткі мусіў з’явіцца ў ваенкамат на медагляд. Малады чалавек туды так і не прыйшоў. Працаўнікам ваенкамата ён паведаміў, што праходзіць абследаванне ў стацыянары.

У дачыненні да юнака ўзбудзілі крымінальную справу.

«У судовым пасяджэнні віну ён цалкам прызнаў, сказаўшы, што не праходзіў медыцынскія абследаванні і не з’явіўся па павестцы ў ваенкамат з той прычыны, што не хацеў служыць у войску, — маўляў, для яго важней было зарабляць грошы», — піша дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».

Памочнік пракурора Уладзіслаў Войткун, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне, заявіў, што малады чалавек працуе паводле дагавора падраду. У сакавіку 2023 года яго ўжо судзілі паводле таго ж артыкула Крымінальнага кодэкса. Судзімасць ён пагасіў.

Суд другі раз прызнаў мінчука вінаватым ва ўхіленні ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу і прызначыў два месяцы арышту.

Прысуд не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

Нагадаем, у Беларусі з судзімасцю не служаць, але ўхіліста могуць зноў прызваць у войска толькі праз год пасля адбыцця пакарання: гэты артыкул адносіцца да злачынстваў, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і судзімасць па ім пагашаецца праз год.

16 верасня дэпутаты прынялі законапраект, які прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад «мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу, па прызыве на вайсковую службу, ад з’яўлення на зборы (заняткі)» — калі чалавек паведаміў органу, што вядзе крымінальны працэс, пра гатоўнасць выканаць вайсковы абавязак і стаў на вайсковы ўлік, прайшоў мерапрыемствы па прызыве, з’явіўся на зборы або заняткі.

Апошнія навіны