Пуцін назваў колькасць сваёй арміі ў вайне з Украінай
- 18.09.2025, 20:37
Украінцы супрацьстаяць сотням тысяч акупантаў.
Паводле стану на 18 верасня, больш за 700 тысяч расійскіх салдат знаходзяцца ў раёне лініі фронту ва Украіне.
Пра гэта заявіў расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін, паведамляе ТАСС.
Пуцін на сустрэчы з лідарамі фракцый пракаментаваў ідэю пра квоты для расійскіх салдат у органах улады. Паводле ягоных слоў, не ўсе акупанты «бачаць сябе дзяржслужбоўцамі».
«Разумееце, на лініі баявога судакранання знаходзіцца звыш 700 тысяч чалавек», — дадаў дыктатар.
Ён прапанаваў выбіраць сярод вайскоўцаў РФ такіх людзей, якія «хочуць і схільныя да такога віду дзейнасці», як праца ў органах улады.