Папулярная сетка крамаў можа пакінуць Польшчу
- 18.09.2025, 17:53
З малатка могуць пайсці 800 крамаў і 40 гандлёвых цэнтраў.
Carrefour шукае пакупніка на крамы і гандлёвыя цэнтры, што працуюць у Польшчы, — паведаміў французскі партал La Lettre. «На сярэдзіне рэалізацыі свайго стратэгічнага плана і ў адказ на зменлівыя рыначныя ўмовы група Carrefour пачала аналіз свайго бізнес-партфеля», — пракаментавалі прадстаўнікі Carrefour Polska.
Паводле звестак La Lettre, група Carrefour пад кіраўніцтвам Аляксандра Бомпара адкрыла праз банк JP Morgan так званы «пакой дадзеных» для продажу сваіх 800 крамаў у Польшчы і 40 гандлёвых цэнтраў. «Пакой дадзеных» павінен дазволіць патэнцыйным пакупнікам прааналізаваць ключавыя фінансавыя паказчыкі, што датычаць польскага падраздзялення.
«На сярэдзіне рэалізацыі свайго стратэгічнага плана Carrefour 2026 і ў адказ на зменлівыя рыначныя ўмовы група Carrefour пачала аналіз свайго бізнес-партфеля, які ахоплівае ўсе сферы яе дзейнасці і арганізацыйныя мадэлі», — пракаментавалі ў Carrefour Polska ў адказ на пытанні tvn24.pl.
Як дадалі ў кампаніі, у сувязі з тым, што працэс працягваецца, сетка не будзе каментаваць «рыначныя чуткі» з гэтай нагоды.