Беларусаў папярэдзілі аб штрафах за «такія» паводзіны на пешаходным пераходзе
- 18.09.2025, 15:07
Да 210 рублёў.
У ДАІ Мінска расказалі, што пешаходы могуць атрымаць штраф ад 42 да 210 рублёў толькі за тое, што спыняцца на праезнай частцы. Пры гэтым атрымаць пакаранне можна як на пешаходным пераходзе, так і проста на дарозе.
Згодна з ПДР, пешаходам дазваляецца выходзіць на праезную частку толькі ў адным выпадку — для яе перасячэння.
«Пры гэтым пешаходам забараняецца затрымлівацца і спыняцца на праезнай частцы незалежна ад таго, ці спыніўся пешаход на пешаходным пераходзе або па-за ім», — патлумачылі ў ДАІ.
Там нагадалі, што за парушэнне дадзенага правіла дарожнага руху беларусам пагражаюць штрафы. Памер вар'іруецца ад адной базавай (42 рублі) да трох (126 рублёў). А ў выпадку, калі пешаход апынецца п'яным, — да 210 рублёў (5 базавых).
Што будзе, калі пешаход раптам пасярэдзіне пешаходнага пераходу спыніўся і пайшоў у зваротным напрамку, у Дзяржаўтаінспекцыі не ўдакладнілі. А між тым такія паводзіны — частая з'ява.
Таксама ў ДАІ не ўдакладнілі, што можа пагражаць так званым «рэгуліроўшчыкам» — тым пешаходам, якія любяць адной нагой ужо ступіць на праезную частку, а потым махаць аўтамабілям, якія пад'ехалі, каб яны праязджалі, затрымліваючы такім чынам дарожны рух. Дарэчы, адна нага на дарозе — гэта ж таксама спыненне?
Нагадаем, што, згодна з ПДР РБ, кіроўца абавязаны прапусціць пешахода: «Пры пад'ездзе да нерэгуляванага пешаходнага пераходу кіроўца павінен прадаставіць перавагу пешаходам».
І ніякія жэсты пешахода рукамі і прапанова праехаць не ўратуюць таго ад выплаты штрафу.