Беспілотнікі нанеслі ўдар па нафтахімічным комплексе «Газпрома» ў Башкартастане
- 18.09.2025, 12:01
Завод гарыць.
Беспілотнікі паспяхова атакавалі нафтахімічны комплекс «Газпрома» ў горадзе Салават, які знаходзіцца каля 1500 км ад мяжы з Украінай. Завод гарыць.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-канал кіраўніка адміністрацыі Башкартастана Радыя Хабірава.
«Два беспілотнікі самалётнага тыпу атакавалі прадпрыемства. Загінулых і пацярпелых няма», — напісаў ён.
Паводле яго слоў, ахова прадпрыемства спрабавала адкрыць агонь па беспілотніках.
«Ступень пашкоджанняў высвятляем. Зараз ліквідуем пажар», — паведаміў Хабіраў.
Расійскі канал Astra публікуе відэа з месца атакі, на якіх бачны моцны пажар на нафтахімічным комплексе «Газпром Нефтехим Салават».
«Газпром Нефтехим Салават» — расійская нафтахімічная кампанія, якая валодае адным з найбуйнейшых у Расіі вытворчых комплексаў нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, размешчаным у горадзе Салават (Рэспубліка Башкартастан).