BE RU EN

Meta прадставіла разумныя акуляры з дысплеем і бранзалетам-кантролерам

  • 18.09.2025, 11:36

Кошт навінкі — $799.

Meta прадставіла першыя спажывецкія разумныя акуляры з убудаваным дысплеем. Прэзентацыя адбылася на штогадовай канферэнцыі Connect у штаб-кватэры кампаніі ў Менло-Парку, Каліфорнія, піша Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).

Генеральны дырэктар кампаніі Марк Цукерберг назваў акуляры «ідэальнай формай для персанальнага суперінтэлекту», якая дазваляе карыстацца ШІ, не адрываючыся ад рэальнасці. У правай лінзе прылады ўбудаваны міні-дысплей, на які выводзяцца апавяшчэнні. У камплект таксама ўваходзіць бранзалет-кантролер, які рэагуе на жэсты для кіравання званкамі і паведамленнямі. Кошт навінкі — $799, продажы стартуюць 30 верасня.

Meta таксама паказала спартыўныя акуляры Oakley Vanguard коштам $499. Яны інтэгруюцца з фітнес-платформамі Garmin і Strava і працуюць да дзевяці гадзін без падзарадкі. Акрамя таго, абноўлена лінейка Ray-Ban без дысплея: новая мадэль атрымала палепшаную камеру і павялічаны час працы, яе кошт складзе $379.

Хоць аналітыкі не чакаюць масавага попыту на Ray-Ban Display, яны лічаць запуск крокам да запланаванага на 2027 год праекта акуляраў Orion. Паводле прагнозаў, пастаўкі AR/VR-гарнітур і разумных акуляраў у свеце ў 2025 годзе вырастуць на 39,2% і дасягнуць 14,3 млн адзінак, пры гэтым Meta захавае вядучыя пазіцыі.

Нягледзячы на тэхнічныя збоі падчас дэманстрацыі, Цукерберг заявіў, што прылады прапануюць «выдатнае спалучэнне цаны і тэхналагічнасці». Аднак эксперты адзначаюць, што для масавага поспеху праграмнае забеспячэнне павінна дагнаць апаратную частку.

Апошнія навіны