Названы дзве даты абвяшчэння 19-га пакета санкцый ЕС супраць Расіі
- 18.09.2025, 11:07
Ужо неўзабаве.
Новы пакет санкцый Еўрапейскага саюза супраць Расіі затрымліваецца, але яго абяцаюць прадставіць да пачатку наступнага тыдня.
Пра гэта паведамляе Politico.
Еўракамісія планавала 16 верасня прадставіць новы, 19-ы пакет санкцый. Аднак ціск з боку Дональда Трампа, які патрабуе ад Еўропы больш рашучых крокаў у абмен на падтрымку амерыканскіх санкцый, ускладніў працэс у Бруселі.
Еўракамісія паведаміла паслам краін ЕС, што санкцыйны пакет варта чакаць у пятніцу, 19 верасня, або ў панядзелак, 22 верасня. Два дыпламаты расказалі Politico, што некаторыя чыноўнікі спадзяюцца на больш раннюю публікацыю.
Заява Каллас
Кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Каллас запэўніла журналістаў, што пакет будзе прадстаўлены ў бліжэйшы час. «Расія выпрабоўвае Захад. Калі Пуцін адчуе слабасць, ён працягне наступ, таму што хоча нас праверыць. Еўропа павінна адказваць жорстка», — сказала Каллас.
Яна падкрэсліла неабходнасць узмацніць ўдары па расійскіх банках, энергетычных кампаніях, крыптабіржах і «ценяваму флоту». «Пазбаўленне Масквы сродкаў на вядзенне вайны надзвычай важнае, каб пакласці канец гэтаму канфлікту», — адзначыла Каллас.
Энергетычны фактар
Сярод патрабаванняў Трампа — адмова НАТА ад залежнасці ад расійскай нафты. Аднак гэта складана выканаць, улічваючы пазіцыю Турцыі, якая моцна залежыць ад расійскіх энергарэсурсаў і не далучылася да санкцый супраць Масквы.
У самім ЕС Венгрыя і Славакія тармозяць скарачэнне залежнасці ад расійскіх паставак. Каллас у сваіх заявах не згадала пра поўнае спыненне імпарту нафты, чаго дамагаецца Трамп.
Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пасля размовы з Трампам заявіла, што санкцыйны пакет будзе накіраваны супраць «крыпта, банкаў і энергетыкі». Кітай яна ў сваёй заяве не згадала.