ЕС: Вучэнні «Захад-2025» не сведчаць пра імкненне Расіі да міру
- 17.09.2025, 22:39
Еўрапейскі саюз апублікаваў заяву.
Еўрапейскі саюз заявіў, што сочыць за расійска-беларускімі ваеннымі вучэннямі «Захад-2025» і лічыць іх сведчаннем нягатоўнасці Расіі да міру.
Адпаведную заяву Высокага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі распаўсюдзіла прэс-служба Рады ЕС.
У заяве адзначаецца, што ЕС «ўважліва сочыць» за стратэгічнымі ваеннымі вучэннямі «Захад-2025».
«З улікам таго, што працягваецца захопніцкая вайна Расіі супраць Украіны, і пасля неаднаразовых парушэнняў паветранай прасторы нашых дзяржаў-членаў расійскімі беспілотнымі лятальнымі апаратамі, такія вучэнні, як «Захад-2025», не сведчаць пра імкненне да дэскалацыі і міру», — адзначаецца там.
У ЕС таксама лічаць удзел іншых краін у вучэннях «прадметам сур'ёзнай занепакоенасці з пункту гледжання бяспекі».
«ЕС чакае, што Расія і Беларусь будуць поўнасцю выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, у прыватнасці Венскі дакумент АБСЕ 2011 года. ЕС застаецца пільным у дачыненні да любых патэнцыйных пагроз бяспецы, звязаных з вучэннямі «Захад-2025», — гаворыцца ў заяве.