Зяленскі: год вайны абыходзіцца Украіне ў $120 мільярдаў
- 17.09.2025, 19:53
Палову гэтай сумы пакрывае дзяржаўны бюджэт Украіны.
Лідар украінскай дзяржавы Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Кіеве са старшынёй Еўрапарламента Робертай Мецолай. Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі ён заявіў, што год вайны каштуе Украіне 120 млрд долараў. Палову гэтай сумы — 60 млрд долараў — плануецца пакрыць за кошт украінскага бюджэту, яшчэ столькі ж трэба знайсці.
Кіраўнік украінскай дзяржавы выказаў надзею, што вайна скончыцца сёлета, і патрэбы ў дадатковым фінансаванні не ўзнікне.
«План А для нас — гэта скончыць вайну, план Б — 120 мільярдаў долараў», — адзначыў Зяленскі.
На прэс-канферэнцыі з Мецолай прэзідэнт таксама паведаміў, што Украіна атрымае ракеты для зенітна-ракетных комплексаў Patriot, а таксама боепрыпасы для амерыканскіх сістэм залпавага агню HIMARS. Гэтыя пастаўкі будуць уключаныя ў першыя два пакеты ваеннай дапамогі ў межах праграмы «Пералік прыярытэтных патрэбаў Украіны» (Prioritized Ukraine Requirements List).