Пуцінскі спявак Газманаў аддаў махляру шматгадовыя зберажэнні
- 17.09.2025, 18:22
Вярнуць грошы ён не можа.
Расійскі спявак Алег Газманаў перадаў абвінавачанаму ў махлярстве бізнесмену Геўорку Саркісяну усе зберажэнні, якія ён адкладаў на пенсію. Пра гэта паведаміў юрыст сям’і Раман Кузьмін у каментары для агенцтва «РИА-Новости».
Паводле яго слоў, у 2019 годзе Газманаў разам з жонкай Марынай Муравёвай-Газманавай выдалі Саркісяну пазыку.
«Гэта былі ўсе грошы, якія Алег Міхайлавіч за ўсё сваё жыццё зарабіў на пенсію», – адзначыў Кузьмін.
Саркісян зблізіўся з сям’ёй у 2016 годзе. Ён прадстаўляўся інвестарам і прапаноўваў выгадныя схемы ўкладанняў. Калі сям’я Газманаў запатрабавала вярнуць сродкі, бізнесмен, паводле версіі абароны, адмовіўся.
У чэрвені Следчы камітэт Расіі ўзбудзіў у дачыненні да Саркісяна крымінальную справу паводле артыкула аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Спачатку яго змясцілі ў СІЗА, пазней перавялі пад хатні арышт.
Геўорк Саркісян — былы супрацоўнік падатковай службы і ўдзельнік некалькіх бізнес-праектаў. У 2017 годзе ён таксама стаў саўзаснавальнікам лагістычнай платформы разам з сынам артыста — Філіпам Газманавым.