Інжынеры стварылі ШІ-падушку бяспекі для абароны авіяпасажыраў
- 17.09.2025, 17:58
Сістэма раскрывае «разумныя» падушкі за дзве секунды.
Каманда інжынераў прадставіла праект REBIRTH — сістэму выратавання пасажыраў пры авіякатастрофах. Сістэма аўтаматычна раскрывае вонкавыя падушкі вакол самалёта, каб змякчыць удар пры аварыйнай пасадцы, піша Interesting Engineering (пераклад — сайтам Charter97.org).
Паводле слоў аўтараў праекта, Эшэля Васіма і Дарсана Срынівасана, сістэма аналізуе даныя пра рухавікі, хуткасць, вышыню, тэмпературу і дзеянні пілота. Калі сутыкненне непазбежнае, падушкі бяспекі раскрываюцца з носавай часткі, фюзеляжа і хваста менш чым за дзве секунды. Падушкі з кевлара і «разумных» вадкасцей паглынаюць удар і змяншаюць шкоду для самалёта і пасажыраў.
Калі рухавікі працуюць, сістэма выкарыстоўвае реверс цягі для тармажэння, пры іх адмове — уключаюцца газавыя паскаральнікі для стабілізацыі самалёта. Пасля прызямлення яркая аранжавая афарбоўка, інфрачырвоныя маякі і GPS дапамагаюць ратавальнікам хутка знайсці месца здарэння.
Каманда ўжо стварыла маштабны прататып 1:12 з датчыкамі, мікракантролерамі і балонамі з CO₂, якімі кіруе ШІ. Сімуляцыі паказваюць змяншэнне сілы ўдару больш чым на 60%. Цяпер інжынеры рыхтуюць выпрабаванні паўнаразмернай мадэлі і праверку сумяшчальнасці сістэмы з новымі і існуючымі самалётамі.
Ідэя нарадзілася пасля трагічнай катастрофы Air India, у якой загінулі амаль усе пасажыры. «Мы хацелі запаволіць самалёт перад ударам, паглынуць сілу сутыкнення і дапамагчы ратавальнікам», — адзначыў Васім.