BE RU EN

Reuters: ЗША плануюць падарваць кантроль Кітая над сусветнымі партамі

  • 16.09.2025, 22:38

Улады ЗША разглядаюць кітайскія інвестыцыі ў сусветныя парты як велізарную пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа мае намер аслабіць глабальную сетку партоў Кітая і перадаць больш стратэгічных тэрміналаў пад кантроль Захаду. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле суразмоўцаў агенцтва, прадстаўнікі адміністрацыі Трампа лічаць, што гандлёвы флот ЗША дрэнна абсталяваны для аказання матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі арміі падчас вайны. Залежнасць Вашынгтона ад замежных суднаў і партоў празмерная.

Белы дом разглядае варыянты, уключаючы падтрымку прыватных амерыканскіх або заходніх кампаній у набыцці кітайскіх доляў у партах. У якасці прыкладу прыводзіцца здзелка інвестыцыйнай кампаніі BlackRock па куплі партовых актываў гонкангскай CK Hutchison у 23 краінах, у тым ліку пры Панамскім канале.

Паводле крыніц, акрамя Панамы, амерыканскія чыноўнікі і заканадаўцы занепакоены кітайскай уласнасцю на марскую інфраструктуру, у прыватнасці ў Грэцыі, Іспаніі, Карыбскім басейне і ў партах заходняга ўзбярэжжа ЗША.

«Насцярожвае тое, што Кітай можа выкарыстаць свой кантроль над гэтымі актывамі для шпіянажу, атрымання ваеннай перавагі або для парушэння ланцужкоў паставак падчас геапалітычных крызісаў», — заявіў заснавальнік кампаніі KCS Group, якая спецыялізуецца на кансультацыях па пытаннях рызык і разведкі, Ст’юарт Пул-Робб.

ЗША маюць намер даследаваць кітайскі ўплыў, у прыватнасці ў грэцкім порце Пірэй, дзе адна з найбуйнейшых дзяржаўных кітайскіх партовых і суднаходных груп COSCO валодае 67% акцый порта.

Паведамляецца, што станам на жнівень 2024 года Кітай меў інвестыцыі ў 129 партовых праектах па ўсім свеце праз розныя кампаніі.

Апошнія навіны