Delfi: Расійскі дрон, які ўпаў у Літве напрыканцы ліпеня, быў намерна запушчаны з Беларусі
- 16.09.2025, 19:17
Запуск дрона быў мэтанакіраванай аперацыяй супраць Літвы.
Дрон «Гербера», які напрыканцы ліпеня ўпаў на тэрыторыі Літвы, быў запушчаны з тэрыторыі Беларусі, а не проста заляцеў адтуль.
Пра гэта стала вядома Delfi ад «добра інфармаваных крыніц».
Паводле Delfi, запуск дрона быў «мэтанакіраванай аперацыяй» супраць Літвы, мэтай якой было не толькі праверыць магчымасці супрацьпаветранай абароны, але і «аказаць псіхалагічнае ўздзеянне».
Крыніцы партала лічаць, што менавіта таму дрон запусцілі над Вільнюсам на вышыні, дзе яго не зафіксавалі радары супрацьпаветранай абароны.
У беспілотніку, які, як лічыцца, запускалі менавіта з тэрыторыі Беларусі, знайшлі не толькі магутную выбуховую прыладу, але і «сучасны бартавы камп’ютар і як мінімум адну SIM-картку», піша Delfi.
Дрон, які заляцеў у Літву 28 ліпеня, праз тры дні знайшлі на тэрыторыі палігона ў Ёнаўскім раёне — амаль у цэнтры краіны, пад Каўнасам. Пасля гэтага прадстаўніка пасольства Беларусі выклікалі ў МЗС Літвы для тлумачэнняў.