Продажы аўтобусаў МАЗ за год упалі ўдвая
- 16.09.2025, 19:07
Жнівеньскі рост не ўратаваў.
Продажы аўтобусаў МАЗ на расійскім рынку ў жніўні рэзка выраслі. Але даныя з пачатку года паказваюць падзенне ўдвая ў параўнанні з паказчыкам 2024-га. Пра гэта сведчаць даныя «АСМ-Холдынга», заўважыла «Zerkalo».
У жніўні на расійскім рынку прадалі 28 аўтобусаў МАЗ. Гэта значна больш, чым у тым самым месяцы 2024-га (ўсяго 5 адзінак). Аднак калі глядзець даныя з пачатку гэтага года, то было пастаўлена 162 адзінкі тэхнікі, а за аналагічны перыяд 2024-га — 327. То-бок пастаўкі скараціліся на 50,5%.
Што да грузавых аўтамабіляў, то Мінскі аўтамабільны завод прадаў у суседнюю краіну ў жніўні 210, годам раней — 428 адзінак. З пачатку 2025-га пастаўкі дасягнулі 2029 адзінак тэхнікі. Гэта на 46% менш, чым за той самы перыяд мінулага года.
Расійскі рынак у цэлым таксама дэманструе спад: продажы грузавікоў за студзень—жнівень скараціліся на 53,9% — да 38,76 тыс. адзінак, аўтобусаў — на 54,4% (да 6003 машын).
За восем месяцаў гэтага года ў Расіі таксама было рэалізавана 9 аўтобусаў маркі «Нёман» (за аналагічны перыяд 2024-га — 11).
Нагадаем, у ліпені намеснік генеральнага дырэктара МАЗа Аляксандр Ігнатюк скардзіўся, што на расійскім рынку вытворцы «ваюць, і несумленна, і ў цэнавым сегменце вельмі моцна».
Тым не менш, у 2025 годзе на заводзе МАЗ плануюць выпусціць 2300 аўтобусаў, палову з якіх адправіць у Расію. Выходзіць, што пакуль прадпрыемства адстае ад планаў у сем разоў.