У Мінскім заапарку наведвальнікі паілі аленя кока‑колай і цягалі яго за рогі
- 16.09.2025, 18:15
Свой дзіўны ўчынак яны здымалі на відэа.
У TikTok карыстальнік з нікам vladimirrachinski выклаў відэа з Мінскага заапарка, дзе ён з таварышам спачатку паіць аленя кока‑колай, а потым адзін з іх цягне жывёлу, што стаіць за рашоткай, за рогі. Паводзіны мужчын абурылі і наведвальнікаў заапарка, і карыстальнікаў сацсеткі, перадае «Зеркало».
На першым відэа адзін з мужчын цягне аленя за рогі праз рашотку. Жывёла супраціўляецца, але мужчына не спыняецца. За кадрам чутна абурэнне мінакоў.
«Вы што, зусім ужо?» — зрабіла заўвагу жанчына.
Але мужчыны ў адказ смяюцца.
На наступным відэа ўжо другі наведвальнік паіць аленя кока‑колай. У гэты момант да вальера падыходзіць пара, але ніхто з іх не робіць мужчынам заўваг і не спрабуе іх спыніць.
У каментарыях да абодвух відэа абураныя карыстальнікі запатрабавалі, каб міліцыя звярнула ўвагу на відэа, адзначылі акаунты МУС і заапарка:
«Няўжо ўсё, што яны твораць, застанецца беспакараным», — Midnight Bastet.
«Ды ўсіх у міліцыю, пад суд адправіць», — user6003861736276.
«Чаму ніхто іх не спыніў? Аленя колай паіць нельга і за рогі цягнуць — нейкія здзекі, жах», — yulia lebeda.
«Там што, няма работнікаў заапарка? Чаму яны дазваляюць гэта рабіць?» — Ludmila.
«Найстрашнейшая жывёла — чалавек», — Nikita.
«Як такое ў галаву магло прыйсці?» — user2824982131196.
«Некаторыя людзі горшыя за звяроў. Такіх у вальеры трэба трымаць», — Анастасія.