Расію амаль цалкам адрэзалі ад сусветнага гандлю нафтай за долары
- 16.09.2025, 15:22
Юанізацыя РФ нясе для яе рызыкі.
Заходнія санкцыі супраць расійскіх банкаў і нафтавых кампаній практычна цалкам выключылі Расію з сусветнага гандлю нафтай за долары, вынікае з даных Мінэнерга РФ, якія публікуюць «Известия».
Паводле ацэнак ведамства, доля долара — ключавой сусветнай валюты, на якую прыпадае палова ўсіх глабальных разлікаў, — у плацяжах за расійскую нафту і нафтапрадукты апусцілася да нязначных 5% з 55% да пачатку вайны. Доля еўра звузілася да 1%, хоць да ўварвання ва Украіну даходзіла да 30%.
У цэлым «таксічныя валюты» ў экспартнай выручцы расійскіх кампаній складаюць, паводле даных ЦБ, толькі 13,4% — мінімум за ўсю гісторыю назіранняў. У ліпені з $38 млрд экспартных даходаў эканомікі толькі каля $5 млрд прыйшло ў краіну ў выглядзе долараў і еўра. Для параўнання: у 2013 годзе доля галоўных валют сусветнага гандлю ў расійскім экспарце дасягала 90%. А іх прыток складаў каля $40 млрд штомесяц.
Адрэзаная ад долараў, расійская эканоміка пераключаецца на юані. Паводле даных Мінэнерга, цяпер дзве траціны расійскай нафты прадаецца за кітайскую валюту. У юанях плацяць не толькі Кітай, але і Індыя, адзначае дацэнт Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Валерый Андрыянаў.
Першапачаткова гандаль нафтай з Індыяй спрабавалі весці ў рупіях, аднак індыйскі ЦБ не даў дазволу на яе вывад за межы краіны. У выніку ў нафтавікоў назапасіліся мільярды долараў у індыйскай валюце, якімі яны не маглі карыстацца.
Патраціць рупіі на індыйскія тавары таксама аказалася няпроста: рэспубліка закупае ў Расіі больш тавараў, найперш энергарэсурсаў, чым сама пастаўляе ў РФ, адзначае Андрыянаў.
Юанізацыя Расіі, якая падаецца ўладамі як прарыў у кірунку многапалярнага свету, на справе нясе рызыкі. У адрозненне ад долара кітайская валюта не з'яўляецца свабодна канвертаванай, знаходзіцца пад жорсткім кантролем ЦБ, адзначае Андрыянаў. Акрамя таго, патраціць юань на закупку тавараў дзе-небудзь, акрамя Кітая, практычна немагчыма, а яго доля ў сусветным гандлі складае толькі 4,3%.