СМІ: Украіна перакінула ў Польшчу свой адзіны самалёт Ан-70
- 16.09.2025, 14:48
Гэта першы вядомы палёт машыны пасля пачатку паўнамаштабнай вайны.
Украіна перакінула ў Польшчу адзіны самалёт Ан-70 — гэта першы вядомы палёт машыны пасля пачатку паўнамаштабнай вайны, якую ў 2022 годзе развязала Расія. Пра гэта паведамілі аналітыкі Militarnyi.
Паводле даных маніторынгавага рэсурсу Polish Military Radar, у панядзелак, 15 верасня, быў здзейснены пералёт украінскага самалёта Ан-70 з бартавым нумарам 02 «сіні». Дадзеныя сервісу Flightradar24 сведчаць, што самалёт увайшоў у паветраную прастору Польшчы ўдзень, уключыўшы транспондар толькі над яе тэрыторыяй.
Як адзначаецца ў публікацыі, з меркаванняў бяспекі інфармацыя пра палёты транспартнай авіяцыі Украіны не раскрываецца з пачатку паўнамаштабнага расійскага ўварвання.
Ан-70 — адзіны самалёт такога тыпу — быў афіцыйна прыняты на ўзбраенне Узброеных Сіл Украіны ў 2015 годзе. Пасля мадэрнізацыі, праведзенай «Антонавам», ён вярнуўся да палётаў у ліпені 2021-га, у тым ліку падчас падрыхтоўкі да святкавання 30-й гадавіны Незалежнасці.
Гэта не першы выпадак перадыслакацыі ўкраінскіх самалётаў у Польшчу. У кастрычніку 2023 года прататып ваенна-транспартнага Ан-178-100Р таксама прыляцеў у польскі горад Быдгашч, дзе прызямліўся ў аэрапорце імя Ігнацыя Яна Падэрэўскага.