Расія пачала прыцягваць да зборкі дронаў пахішаных ва Украіне дзяцей
- 16.09.2025, 14:41
У Германіі высветлілі падрабязнасці.
Расія выкарыстоўвае 210 аб'ектаў, у тым ліку тых, што належаць Упраўленню справамі прэзідэнта, для выкрадання, дэпартацыі, перавыхавання і прымусовага ўсынаўлення дзясяткаў тысяч украінскіх дзяцей. У адным з выпадкаў дзеці, якія прайшлі праз Усёрасійскі дзіцячы цэнтр «Змена» ў Краснадарскім краі, былі вымушаныя ўдзельнічаць у зборцы беспілотнікаў і іншай вайсковай тэхнікі, высветлілі спецыялісты Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта.
З 2022 года праз «Змену» прайшло больш за 300 дзяцей з Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны, гаворыцца ў дакладзе лабараторыі (яго цытуе The Telegraph). У лагеры дзейнічае не менш за шэсць праграм для дзяцей з Расіі і з акупаваных тэрыторый Украіны, некаторыя з іх вядзе «Юнармія». У красавіку 2024 года яна арганізавала «лагер інавацый і тэхналогій», у якім дзяцей прыцягвалі да выпуску ўзбраенняў, якія выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны. Сярод іх была як мінімум адна група дзяцей з Луганскай вобласці, якія разам з дронамі збіралі мінашукальнікі, робатаў і прылады хуткай зарадкі для штурмавых вінтовак, гаворыцца ў дакладзе.
Праграмы «Юнарміі» ў «Змене» традыцыйна таксама ўключаюць страявую падрыхтоўку, навучанне валоданню агнястрэльнай зброяй і аказанню медыцынскай дапамогі. Перавыхаванне і ваенную падрыхтоўку дзеці з Украіны таксама праходзяць у падмаскоўным цэнтры «Юны патрыёт», які адкрыўся ў ліпені 2023 года.
Гэты і яшчэ два цэнтры, што належаць Упраўленню справамі прэзідэнта, а таксама вайсковая база ўваходзяць у групу з 210 аб'ектаў, задзейнічаных у вывазе і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей, высветлілі даследчыкі Ельскага ўніверсітэта (які ў Расіі абвешчаны «нежаданай арганізацыяй»). Прыкладна ў 40 з іх рэалізуюцца мерапрыемствы па індактрынацыі дзяцей у ваенных мэтах. Ім выкладаюць расійскую версію гісторыі іх радзімы, навучаюць пачатковай ваеннай падрыхтоўцы і г. д.
Расійскія і прызначаныя імі на акупаваных тэрыторыях улады часам нават і не хаваюць гэтай дзейнасці. У студзені сакратар Луганскага рэгіянальнага аддзялення партыі «Адзіная Расія», старшыня Народнага савета «ЛНР» Дзяніс Мірашнічэнка праводзіў першую ў гэтым годзе групу дзяцей у цэнтр «Юны патрыёт». «У рамках узаемадзеяння з Упраўленнем справамі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і падпісаных дамоўленасцяў з аздараўленчымі лагерамі сёння чарговая група дзяцей адправілася ў ваенна-спартыўны цэнтр «Юны патрыёт». Я рады, што з года ў год мы аздараўляем усё больш і больш юных жыхароў рэспублікі», — прыводзіліся словы Мірашнічэнкі на сайце «Адзінай Расіі» ў «ЛНР».
«Цэнтр адкрыты спецыяльна для аздараўлення дзяцей з ЛНР і ДНР і працуе круглы год. У бягучы заезд «Юны патрыёт» наведаe 51 дзіця. Усяго на працягу года плануецца аздаравіць больш за пяцьсот дзяцей, — гаворыцца ў паведамленні. — Акрамя аздараўлення ў праграму ўваходзяць мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні, а таксама экскурсіі па гістарычна значных мемарыяльных комплексах Масквы і Падмаскоўя».
«Патрыятычнае выхаванне» ўключае падзел на «узводы», нашэнне тактычнага рыштунку, ахоўнай экіпіроўкі і зброі, пішуць аўтары дакладу са спасылкай на фатаграфіі дзяцей, якія прыбылі ў цэнтр «Юны патрыёт» у ліпені 2025 года.
На мінулым тыдні некалькі сенатараў ад абедзвюх партый у Кангрэсе ЗША падрыхтавалі законапраект, які прадугледжвае ўключэнне Расіі і Беларусі ў спіс дзяржаў — спонсараў тэрарызму, калі яны не вернуць больш за 19 000 пахішаных з Украіны дзяцей. «Трапіць у гэты спіс няпроста. Што ж, дазвольце мне сказаць, што Расія заслужыла права быць у ім, — заявіў рэспубліканец Ліндсі Грэм. — Які правільны адказ [на выкраданне ўкраінскіх дзяцей]? Зрабіць з гэтым нешта. Падняць нам, свету, сваю задніцу і зрабіць гэта непрымальным».