«Найвялікшая праблема» зноў ударыла па Лукашэнку
- 16.09.2025, 13:45
Сітуацыя пагаршаецца на важным для дыктатара напрамку.
У Беларусі ўзмацняюцца праблемы ў прамысловасці: галіна ў студзені—жніўні паказала мінус 0,8% да аналагічнага перыяду мінулага года. Месяцам раней зніжэнне вытворчасці ў гэтай сферы было на ўзроўні 0,3%. Пра гэта сведчаць дадзеныя Белстата, піша «Зеркало».
Пры гэтым здабыўная прамысловасць за восем месяцаў бягучага года паказала рост на ўзроўні 2,8% (месяцам раней быў такі ж паказчык), а апрацоўчая павялічыла падзенне да 1,2% (было −0,6%).
Арганізацыі, якія займаюцца забеспячэннем электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам, паказалі ў студзені—жніўні +2% (месяцам раней было +1,6%), а ў сферы водазабеспячэння, збору, апрацоўкі і выдалення адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — мінус 0,2% (супраць −0,5%).
Нагадаем, раней кіраўнік Мінпрама Андрэй Кузняцоў заяўляў, што прадпрыемствы галіны «трохі недапрацоўваюць у сістэме менеджменту і эканамічных адносінах». З-за гэтага сфера, якая апошнія гады была рухавіком эканомікі, губляе тэмпы росту.
Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў пра праблемы са збытам тавараў у Расіі — продажы на гэтым рынку падаюць. 8 верасня палітык заявіў, што найвялікшая праблема сёння для Беларусі — знайсці новыя рынкі збыту для айчыннай прадукцыі, якую не ўдаецца рэалізаваць «у сілу пэўных, аб’ектыўных прычын» у Расіі.