BE RU EN

Вага школьнага заплечніка шасцікласніка шакіравала беларусаў

  • 16.09.2025, 11:24

Разгарэлася абмеркаванне.

Беларуска ўзважыла школьны заплечнік вучня шостага класа — відэа пра гэта набыло папулярнасць у TikTok. Сам заплечнік з падручнікамі «пацягнуў» больш як на 4 кг, а агульная ноша (відаць, разам са зменкай або спартыўнай формай) склала каля 5,5 кг. У каментарыях разгарэлася абмеркаванне.

Як сцвярджае беларуска, нарматыў вагі поўнага заплечніка для шасцікласніка — да 2,5 кг. Аднак у дзіцяці загружаны заплечнік «пацягнуў прыкладна на 4,7 кг», а агульная ноша вучня склала каля 5,5 кг — разам з шоперам (магчыма, там зменка або спартыўная форма).

Паводле нормаў сам заплечнік для пачатковых класаў павінен важыць да 700 г, для сярэдніх і старэйшых — да 1 кг. Маса штодзённага камплекту падручнікаў з пісьмовымі прыналежнасцямі без заплечніка: I–II класы — да 1,5 кг, III–IV класы — да 2 кг, V–VI класы — да 2,5 кг, VII–VIII класы — да 3 кг, IX–XI класы — да 3,5 кг.

То-бок для шасцікласніка максімальная вага загружанага заплечніка паводле нормаў — 3,5 кг.

Каментатары ўзяліся за развагі і ўспаміны, сярод папулярных меркаванняў — такія:

«Саннормы, па ходу, дзейнічаюць у школах толькі ў бок гаджэтаў. Такую вагу, на жаль, носіць і пачатковая школа. Плюс для іх толькі тое, што яны ў адным класе ўвесь дзень».

«У 10–11-х класах класная кіраўніца дазволіла пакідаць падручнікі ў класе, і гэта было самае лепшае рашэнне — спіна не стамлялася ад цяжару, брала з сабою толькі сшыткі і канцэлярыю. А да 9-га класа заўсёды насіла падручнікі ў школу, і, відаць, таму спіна цяпер баліць, школу скончыла тры гады таму».

«Такое ўражанне, што пра гэтыя нормы ў курсе толькі бацькі. Я ўжо некалькі гадоў пра гэта думаю. Мне самой цяжка заплечнік падняць, а дзіця носіць яго цэлы дзень».

«Пры гэтым замяніць падручнікі планшэтам — нельга!»

«Дзяржава дбае пра здароўе падрастаючага пакалення…»

«Мы носім планшэт з мінулага года. Але сёлета настойваюць, каб былі медыцынскія паказанні. Тыпу — спачатку зарабіце скаліёз, а потым носіце планшэт».

«Чаму нельга прыдумаць планшэт накшталт электроннай кнігі, дзе будуць загружаныя ўсе падручнікі, — і ўсё?»

Аўтарка адказала, што ў сям'і якраз вырашылі паспрабаваць варыянт з планшэтам, а ўвогуле «добра было б мець у школе індывідуальныя шафкі». Пазней яна паказала планшэт з падручнікамі, але без SIM-карты і Wi‑Fi, адзначыўшы, што «такі планшэт, як і электронная кніга, дапушчальныя».

На прэтэнзіі пра лішнія рэчы ў заплечніку і яго вялікую вагу яна зняла «распакоўку», дзе паказала, што ўнутры падручнікі і сшыткі, а пусты заплечнік важыць каля 900 г.

«Выконванне нарматываў дапамагае пазбегнуць траўмуючага ўздзеяння на плечы.

Важныя наяўнасць артапедычнай спінкі, святлоадбіўных элементаў, а таксама рэгуляваных рамянёў», — нагадваў Мінздароўя летась.

Апошнія навіны