BE RU EN

Кадыраў назваў Алу Пугачову «ворагам народа»

  • 16.09.2025, 11:11

З-за слоў пра Джахара Дудаева.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заклікаў Алу Пугачову «не правакаваць» чачэнцаў. Так ён адрэагаваў на інтэрв'ю, у якім спявачка добразычліва выказалася пра лідэра Чачні Джахара Дудаева, паведамляе «Медуза».

Кадыраў заявіў, што «такія ворагі народа і здраднікі, як Пугачова», не павінны «бязглузда разважаць наконт самага цяжкага перыяду для чачэнскага народа».

10 верасня на YouTube выйшла трохгадзіннае інтэрв'ю Алы Пугачовай з журналісткай Кацярынай Гардзеевай, у якім спявачка згадала, у тым ліку, пра першую чачэнскую вайну.

«Асабліва мне запомнілася першая чачэнская, таму што я ведала Джахара Дудаева. Ён быў настолькі прыстойным і годным, інтэлігентным, прыгожым чалавекам… А жонка якая! Мастачка, пісьменніца, палітык… Яна тэлефанавала мне, думала, быццам я нечым магу дапамагчы. А чым я магла дапамагчы? Нічым. Мне цяпер нават сорамна перадаць ёй прывітанне. Ала Фёдараўна, калі раптам убачыце гэтае інтэрв'ю, я прашу прабачэння, што не змагла нічога зрабіць для таго, каб Джахар быў жывы», — сказала спявачка.

З-за слоў пра Дудаева супраць Пугачовай таксама быў пададзены пазоў на паўтара мільярда рублёў (суд пакуль не прыняў яго да разгляду). Істцом выступіў адвакат Аляксандр Трэшчаў — адвакат і пастаянны ўдзельнік тэлешоў на расійскіх федэральных каналах. У пачатку 2024 года ён падаваў у суд на блогерку Насцю Іўлееву з-за арганізаванай ёю «голай вечарынкі». У межах таго судовага разбору Трэшчаў патрабаваў мільярд рублёў, але яго пазоў быў адхілены.

Апошнія навіны