«Плаціць годна за пякельную працу не спрабавалі?»
- 16.09.2025, 9:55
Беларусы — пра тое, што ў дзіцячыя сады цяпер бяруць без педагагічнай адукацыі.
Цяпер у беларускіх дзіцячых садах змогуць працаваць не толькі выпускнікі педагагічных універсітэтаў, але і студэнты пасля другога курса, а таксама спецыялісты з любой вышэйшай адукацыяй пры ўмове перападрыхтоўкі. Пастанова ўступіла ў сілу з 10 верасня 2025 года.
Афіцыйна гэта крок да вырашэння кадравага дэфіцыту. Але карыстальнікі ў сетцы ўспрынялі навіну неадназначна. Людзі ўпэўненыя, што праблему спрабуюць залатаць студэнтамі і выпадковымі спецыялістамі, замест таго каб проста падняць заробкі, піша BGmedia.
Заробак — галоўнае пытанне
Большасць каментарыяў зводзіцца да адной думкі: без павышэння заробкаў ніякія рэформы праблему не вырашаць.
«Вядома, кадраў не хапае. Але хто пойдзе за 900 рублёў адказваць за 20 дзяцей?».
«У Брэсце — 700 рублёў, а то і 0,5 стаўкі за 250. Гэта не заробак, а здзек».
«Дэфіцыт кадраў вырашыць толькі годная аплата. За капейкі ніхто не пагодзіцца несці адказнасць за чужых дзяцей і тоны папяровай працы».
«Працую на знос»
Шмат былых і цяперашніх выхавальнікаў у каментарыях падзяліліся асабістым досведам.
«Я абажаю дзяцей, але пайшла з садка. Дакументацыі — процьма, праверкі бясконцыя, дадому працу цягнула. Аднае любові да дзяцей мала — сям'ю таксама трэба карміць».
«З вышэйшай адукацыяй, катэгорыяй і стажам 30 гадоў — атрымліваю крыху больш за 1 000. А перапрацоўкі лічаць па 4 рублі за гадзіну. Амаль бясплатна».
«Адпрацавала чатыры гады — больш ніколі. Гэта стрэс, які складана апісаць».
Сумневы ў якасці адукацыі
Частка карыстальнікаў лічыць, што допуск «людзей з вуліцы» небяспечны.
«Не лічу нармальным, каб з малымі працаваў чалавек без профільнай адукацыі».
«Спачатку казалі, што ў педагогіцы не павінна быць выпадковых людзей, а цяпер набіраюць усіх запар».
«Вучыць без педагагічнай адукацыі, лячыць без медыцынскай? Багацця ў такой краіны дакладна не будзе».
«А раней жа так і было»
Знайшліся і тыя, хто нагадаў: падобная практыка існавала і раней.
«У савецкі час сама працавала выхавальніцай без дыплома. І спраўлялася — дзеці і бацькі былі задаволеныя».
«У маіх дзяцей выхавальніцай была жанчына з дыпломам лясной гаспадаркі. Усе яе любілі».
Але нават гэтыя каментары суправаджаліся ўдакладненнямі: сітуацыя тады была іншай, а цяпер нагрузка і адказнасць выраслі ў некалькі разоў.
Іронія і сарказм
Многія карыстальнікі рэагавалі не толькі крытычна, але і з гумарам.
«Добра, што з судзімасцю пакуль не бяруць. Пакуль».
«Вось як. Потым і лекарам без адукацыі можна будзе?».
«Цяпер смела закрывайце факультэт дашкольнага выхавання. Усё адно туды ніхто не хацеў ісці».
Грамадская думка аказалася амаль аднадушнай: кадравы крызіс у дзіцячых садах нельга вырашыць перападрыхтоўкай або студэнтамі другога курса. Людзі патрабуюць рэальнага кроку — павышэння заробкаў і павагі да працы выхавальнікаў.
І пакуль у міністэрскіх кабінетах абмяркоўваюць новыя стандарты, у каментарыях гучыць простае пытанне: «А заробак падняць не спрабавалі?».