Axios: Ізраіль пачаў наземнае наступленне на Газу
- 16.09.2025, 8:07
У горад ужо ўвайшлі ізраільскія танкі.
У панядзелак, 15 верасня, ізраільская армія пачала наземную аперацыю з мэтай захопу горада Газа. У ўрадзе Нетаньяху заявілі, што яна накіраваная на знішчэнне ХАМАС, піша Axios.
Выданне адзначае, што гэтая новая ваенная аперацыя з’яўляецца эскалацыяй вайны, якая цягнецца ўжо амаль два гады. Чакаецца, што ў выніку яна прывядзе да павелічэння колькасці ахвяр і паглыблення гуманітарнай катастрофы ў анклаве.
У артыкуле прыводзяцца даныя са спасылкай на міністэрства аховы здароўя Газы, якое знаходзіцца пад кантролем ХАМАС, што з пачатку наступальнай аперацыі Ізраіля, якая пачалася пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года, загінула амаль 65 000 палестынцаў, большасць з якіх — жанчыны і дзеці.
Указваецца, што цягам апошняга тыдня армія Ізраіля ўзмацніла авіяўдары па горадзе Газа і знішчыла дзясяткі шматпавярховых будынкаў, якія, паводле вайскоўцаў, ХАМАС выкарыстоўваў у ваенных мэтах.
У той жа час, як паведамляе выданне, узброеныя сілы Ізраіля заклікалі мільён палестынцаў у горадзе Газа пакінуць яго і пераехаць на поўдзень, у «гуманітарныя зоны». Згодна з апошнімі данымі ЦАХАЛ, на дадзены момант Газу пакінулі 300 тысяч жыхароў.
Адметна, што Ізраіль пачаў ваенную аперацыю праз некалькі гадзін пасля сустрэчы дзяржсакратара ЗША Марка Рубіо з ізраільскім кіраўніцтвам.
Пасля таго як ізраільскія ВПС нанеслі масіраваныя авіяўдары па горадзе Газа, як піша палестынская прэса, у горад увайшлі ізраільскія танкі.
Выданне, са спасылкай на дзве ананімныя крыніцы, піша, што Рубіо заявіў прэм’ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нетаньяху, што Вашынгтон падтрымлівае наземную аперацыю. Аднак ЗША хочуць, каб яна прайшла хутка і завяршылася як мага хутчэй.
Паведамляецца, што ЗША не плануюць спыняць Ізраіль і дазваляюць яму самастойна прымаць рашэнні адносна вайны ў сектары Газа.